Пошук

08.05.2020 11:11   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: lejourduseigneur.com

У месяцы маі, асаблівым чынам прысвечаным Панне Марыі, настаяцель законніцкай супольнасці салятынаў, якія нясуць служэннне ў вядомым марыйным санктуарыі ў Ля-Салет (Францыя), нагадвае пра непрамінальную актуальнасць аб'яўлення Багародзіцы, што адбылося ў гэтым месцы ў ХІХ стагоддзі.

Сёння Касцёл у Францыі, у Еўропе і ва ўсім свеце павінен нанава ўслухацца ў Божае слова, у Евангелле, пра якое Марыя нагадвае ва ўсіх сваіх аб’яўленнях, у тым ліку і ў Ля-Салет. Настаяцель законніцкай супольнасці салятынаў у гэтым мястэчку ў французскіх Альпах ксёндз Робэрт Гладоўскі кажа, што людзям таксама неабходна адкрыць каштоўнасць і моц Эўхарыстыі, пра што Марыя асабліва нагадвала ў Ля-Салет.

Святар, словы якога перадае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, звяртае ўвагу і на вялікае значэнне споведзі: «Менавіта гэты сакрамэнт тут, у Францыі, у другой палове ХХ стагоддзя быў так моцна занядбаны, у тым ліку і ў сувязі са злоўжываннем магчымасцю агульнага адпушчэння грахоў у многіх французскіх парафіях.

Сёння, на шчасце, гэта пачынае змяняцца, але мы ў нашым служэнні ў канфесіянале тут, у Ля-Салет, ясна бачым, які людзі носяць у сабе вялікі голад асабістай сустрэчы з Езусам Міласэрным у індывідуальнай споведзі.

Гэта вялікі выклік у Еўропе і ў Францыі з увагі на ўсё меншую колькасць душпастыраў», — сказаў ксёндз Робэрт Гладоўскі ў інтэрв’ю парталу Польскай каталіцкай місіі ў Францыі.

Настаяцель салятынаў у Ля-Салет адзначыў, што ў наш час усё яшчэ застаецца актуальным пасланне Марыі, якая аб’явілася ў гэтым месцы, на альпійскіх пашах, двум дзецям. Гэта адбылося 19 верасня 1846 года, калі Францыя і Еўропа адчувалі наступствы рэвалюцыі.

«Сёння таксама занядбоўваецца нядзельная святая Імша і нядзельны адпачынак, не хапае духу пакаяння і малітвы, а сваімі словамі людзі па-ранейшаму глыбока раняць.

Аднак Марыю ў Ля-Салет называюць Паяднальніцай грэшнікаў, і шмат людзей прыбываюць у гэты санктуарый, каб паяднацца з Богам і з іншым чалавекам», — дадаў святар.

Настаяцель супольнасці салятынаў падкрэсліў, што горны санктуарый у Ля-Салет — гэта асаблівае месца малітвы. Тут усё спрыяе сустрэчы і шчырай малітоўнай размове з Богам: цішыня і прыгажосць навакольнай прыроды, якая «натуральным чынам кіруе чалавека да Стварыцеля».

Ля-Салет. Фота: flickr.com

Ксёндз Робэрт Гладоўскі паінфармаваў, што 2021 год стане для альпійскага санктуарыя юбілейным.

«Мы будзем перажываць у Ля-Салет 175-ю гадавіну аб’яўлення Маці Божай, Прыгожай Панны, як называлі Яе дзеці, якія Яе бачылі, Максімэн і Мэлані», — сказаў святар

Настаяцель законнікаў у Ля-Салет шчыра запрасіў пасля спынення каранцінных мер і паляпшэння эпідэміялагічнай сітуацыі наведаць гэты марыйны санктуарый.

Абноўлена 08.05.2020 12:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.