Пошук

15.09.2022 00:29   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

У сераду 14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, у касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл) прайшла малітоўная сустрэча прадстаўнікоў розных рэлігій пад дэвізам «Каштоўнасць міра і адзінства».

Сабраныя ў гэты вечар у Чырвоным касцёле прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій, юдаізму і ісламу духоўна ядналіся з удзельнікамі Сёмага Кангрэсу лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій, які з удзелам Папы Францішка ў гэтыя дні праходзіць у Казахстане.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які роўна год таму быў прызначаны Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, распачаў сустрэчу знакам Крыжа: «У імя Айца і Сына, і Духа Святога».

Вітаючы сабраных у Чырвоным касцёле, іерарх сказаў:

«Сёння, калі позірк усяго рэлігійнага свету скіраваны ў Казахстан, дзе ў гэтыя дні праходзіць Сёмы Кангрэс лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій, мы лучымся з удзельнікамі кангрэсу сэрцам, збіраючыся тут, у Мінску, на міжрэлігійную сустрэчу. Збіраемся, каб яшчэ раз узгадаць пра каштоўнасць міру і адзінства. Здаўна лічылася, і сёння мы гэтым ганарымся, што нашая Бацькаўшчына — гэта шматканфесійная і рэлігійна разнастайная краіна. І ў гэтай разнастайнасці мы ўмеем быць адзінымі», — падкрэсліў арцыбіскуп Станеўскі.

Іерарх скіраваў словы прывітання удзельнікам міжрэлігійнай сустрэчы: монсіньёру Джону Джону Каларакалу, Часоваму Паверанаму ў справах Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь, айцу Аляксандру Шымбалёву, намесніку старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай Праваслаўнай Царквы, галоўнаму муфцію Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бекіру Шабановічу, галоўнаму рабіну рэлігійнага аб’яднання Прагрэсіўнага юдаізму ў Беларусі Рыгору Абрамовічу, пастару евангельска-лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзіміру Татарнікаву, протапрэзбітэру Цэнтральнага дэканату Грэка-Каталіцкай Царквы айцу Андрэю Абламейку. Іерарх асобна прывітаў таксама прысутнага на сустрэчы ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандра Румака.

Арцыпастыр адзначыў, што невыпадкова месцам малітоўнай сустрэчы быў выбраны менавіта Чырвоны касцёл, бо гэтая сталічная святыня асаблівым чынам звязаная з выдатным сынам нашай зямлі Эдвардам Вайніловічам — «чалавекам з адкрытым сэрцам і шырокай душой».

«Яго прыклад заахвочае і нас — тых, хто жыве ў ХХІ стагоддзі, — жыць і развівацца на зямлі сінявокай Беларусі ў міры, адзінстве і павазе адно да аднаго. У свой час ён казаў: „Няхай веруючыя людзі розных канфесій, кожны ў сваёй святыні на зямлі, славяць Адзінага Бога ў Небе“. Дык праславім жа Бога», — запрасіў сабраных арцыбіскуп Станеўскі.

Пробашч парафіі святога Сымона і Алены ў Мінску ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк прадставіў увазе прысутных даклад на тэму «Эдвард Вайніловіч — чалавек міра і адзінства».

На заканчэнне змястоўнага дакладу вядучы сустрэчы ксёндз канонік Юрый Санько запрасіў усіх устаць, каб далучыцца да малітвы праслаўлення, перакаладзенай з юдэйскага малітоўніка Сідур, якую прамовілі юнак з дзяўчынай у беларускіх нацыянальных строях.

Сустрэчу працягнула чытанне Божага слова — славуты «гімн любові» з Першага Паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў. Адказам прысутных на пачутае слова стаў спеў рэспансарыйнага псальму з рэфрэнам «Шчаслівы той, хто любіць запаведзі Пана», пасля чаго асабісты сакратар арцыбіскупа Станеўскага ксёндз Юрый Ясевіч прачытаў урывак з Евангелля паводле Мацвея, у якім гучаць словы Збаўцы: «Вы — соль зямлі… Вы — святло свету».

Прадстаўнікі розных канфесій і рэлігій выступілі з кароткімі прамовамі. Айцец Аляксандр Шымбалёў у сваім выступе зазначыў, што мір і спакой у свеце парушаецца перадусім з-за пыхі чалавека, калі ўласныя інтарэсы ставяцца вышэй за інтарэсы грамадства, і калі адбываецца адыход ад Бога.

«Кожны чалавек, які жыве з Богам, які сапраўды верыць у Бога, які сапраўды разумее аснову таго, што робіцца ў гэтым свеце, ён заўсёды клапоціцца аб міры, заўсёды клапоціцца аб любові, аб тым, каб спакой запанаваў у нашым грамадстве», — падкрэсліў праваслаўны святар, дадаўшы, што любоў непарыўна спалучана з самаахвяраваннем, якое немагчымае без веры ў Бога.

Муфцій Шабановіч ад імя ўсіх беларускі мусульманаў прывітаў удзельнікаў міжрэлігійнай сустрэчы традыцыйным мусульманскім прывітаннем — паджаданнем міра і дабра чалавеку. Ён заўважыў, як важна зберагаць мір і будаваць жыццё паводле запаветаў Найвышэйшага Бога, каб не даць загінуць цывілізацыі.

Рабін Абрамовіч звярнуў увагу на словы з Кнігі Другазаконня, якія ў гэты час чытаюцца ў юдэйскіх супольнасцях, зазначыўшы, што проста казаць пра мір у спакойныя часы, але вельмі складана вярнуцца да міру ў час войнаў. Паводле яго, пра гэта трэба нястомна прасіць Бога ў малітве.

Лютэранскі пастар Татарнікаў адзначыў важнасць дыялогу паміж прадстаўнікамі розных рэлігій, каб усе вернікі былі сапраўды «соллю зямлі» і вестунамі міру, а грэка-каталіцкі святар Абламейка прывёў прамоўленыя на форуме ў Казахстане словы Папы Францішка, што без міру ў чалавецтва няма будучыні.

На заканчэнне сваё слова да прысутных скіраваў арцыбіскуп Станеўскі, распачаўшы яго пастырскім прывітаннем: «Супакой вам».

«Гледзячы з перспектывы стагоддзяў у Год гістарычнай памяці можам сцвердзіць, што ніхто так не ведае каштоўнасць міру і адзінства, як веруючыя людзі, якія ў гаротах і радасцях даручалі сваё жыццё адзінаму Богу», — заўважыў арцыпастыр. Ён дадаў, што цяпер у Казахстане Папа Францішак казаў пра тое, чаго чакае ўвесь цывілізаваны свет: неабходнасць сапраўднага адзінства, якое здольнае ўратаваць ад канфліктаў і войнаў. «Няхай і нашая сустрэча і малітва стане хоць невялікай, аднак моцнай і трывалай цаглінкай у падмурку адзінства і міру ва ўсім свеце», — сказаў на заканчэнне арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Да прысутных звярнуўся таксама ўпаўнаважаны Румак. Ён падзякаваў арцыбіскупу Станеўскаму за праведзеную ў Мінску міжрэлігійную сустрэчу, якая завяршылася супольна прамоўленай малітвай «Ойча наш».

 

Абноўлена 15.09.2022 10:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа