Пошук

06.09.2022 09:53   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Аляксей Ціхан / Grodnensis.by

3 верасня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне двум дыяканам і дыяканскае пасвячэнне аднаму студэнту Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Урачыстасць адбылася ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, прэзбітэрамi Касцёла на Гродзеншчыне сталі Уладзіслаў Малышка i Павел Шэмет, дыяканскае пасвячэнне прыняў Андрэй Юхнік.

Урачыстая Імша сабрала шматлікіх святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў, якія прыбылі з розных мясцін дыяцэзіі, каб падтрымаць малітвамі кандыдатаў. Прысутнічалі таксама іх бацькі і прадстаўнікі парафіяльных супольнасцяў, з якіх яны паходзяць i ў якіх праходзілі літургічна-душпастырскую практыку.

Кандыдатаў да пасвячэння прадставіў рэктар Міждыяцэзіяльнай семінарыі ў Гродне ксёндз канонік Віталій Вайцяхоўскі.

У прамоўленай гаміліі біскуп Кашкевіч назваў вельмі яскравым знакам тое, што гэтая ўрачыстасць пасвячэння адбываецца ў першую суботу месяца — дзень, прысвечаны Маці Божай. Іерарх падкрэсліў, што ніхто з людзей не з’яднаны настолькі з Хрыстом, ніхто не прабывае так у пастаяннай адарацыі, ніхто не злучаны настолькі ўсёй сваёй істотай з Сынам Божым, як Марыя.

«Гэтае з’яднанне Марыі з Хрыстом, гэтае малітоўнае і адарацыйнае нястомнае прабыванне ў Яго прысутнасці не аддаляе Найсвяцейшую Маці ад нас, людзей, не робіць Яе адчужанай ад свету і абыякавай да пакутаў чалавецтва», — дадаў біскуп.

Звяртаючыся да кандыдатаў, іерарх адзначыў, што сакрамэнт пасвячэння — вялікі Божы дар, які павінен зрабіць іх слугамі Хрыста, Касцёла і тых людзей, да якіх яны будуць пасланыя.

Пастыр Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі звярнуў увагу на тое, што і святарства, і дыяканат павінны быць служэннем: верным, трывалым, пакорным і бескарыслівым. Для таго, каб адпавядаць гэтай вялікай задачы, па словах біскупа, трэба быць людзьмі малітвы і адарацыі.

«Без адарацыі Хрыста, без глыбокай асабістай малітвы, без услухоўвання ў Божае слова ваша прэзбітэрскае ці дыяканскае служэнне будзе пустым і бясплодным, яно не прынясе людзям, да якіх вы будзеце пасланыя, столькі ласкаў, колькі павінна», — падкрэсліў іерарх.

Біскуп нагадаў таксама пра важнасць у жыцці святара асабістай малітвы, адарацыі Хрыста, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

На заканчэнне Эўхарыстыі іерарх выказаў словы ўдзячнасці бацькам, родным i блізкім новых прэзбітэраў і дыякана за перададзены ім дар веры і добры прыклад хрысціянскага жыцця.

Ксёндз Уладзіслаў Малышка ад імя тых, хто прыняў пасвячэнне, выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто падтрымліваў іх на шляху да Хрыстовага алтара, і папрасіў аб далейшым малітоўным суправаджэнні.

Ксёндз Уладзіслаў Малышка нарадзіўся 1 жніўня 1998 г. у Гродне, паходзіць з парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску. У апошні час праходзіў літургічна-душпастырскую практыку ў лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара).

Ксёндз Павел Шэмет нарадзіўся 12 ліпеня 1997 г., паходзіць з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Капцёўцы (дэканат Гродна-Захад). У апошні час праходзіў літургічна-душпастырскую практыку ў парафіі Спаслання Святога Духа ў Бярозаўцы (Навагрудскі дэканат).

Дыякан Андрэй Юхнік нарадзіўся 13 верасня 1998 г. у Лідзе, паходзіць з лідскай парафіі Святой Сям’і. На апошні, шосты год фармацыі перад прэзбітэрскім пасвячэннем скіраваны ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Элку (Польшча).

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.