Пошук

02.09.2022 14:41   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

29 жніўня ў будынку Гродзенскай дыяцэзіяльнай курыі адбылася сустрэча катэхетаў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Гэтай сустрэчай быў урачыста адкрыты новы катэхетычны год у дыяцэзіі.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, на сустрэчы сабраліся святары, сёстры законныя, свецкія асобы. Прысутныя выслухалі дзве канферэнцыі, удзельнічалі ў малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і ў святой Імшы.

У першай канферэнцыі пробашч грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай айцец Андрэй Крот, выкладчык Тэалагічнага каледжа імя святога Казіміра ў Гродне, казаў пра новую евангелізацыю. Святар нагадаў, што гэта працэс перадачы веры людзям, асяроддзям, рэгіёнам або нават краінам, якія ў мінулым былі ахрышчаныя, выраслі з хрысціянскай веры, але па розных прычынах страцілі яе. Акрамя таго, ён прывёў прыклады некаторых святых Грэка-Каталіцкай Царквы.

У другой канферэнцыі катэхетка Таццяна Канашэнкава казала пра супрацоўніцтва катэхетаў з бацькамі. На аснове ўласнага досведу яна адзначыла, што творчае супрацоўніцтва можа прычыніцца да ажыўлення адносін катэхета і бацькоў, у выніку чаго, безумоўна, палепшыцца якасць рэлігійнага выхавання.

Дыяцэзіяльны душпастыр моладзі ксёндз канонік Антоній Грэмза падзяліўся ўласным сведчаннем служэння сярод маладых людзей на прыкладзе Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі горада Гродна OPEN.

Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі), цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто займаецца катэхізацыяй у дыяцэзіі, a таксама за дзяцей, моладзь і дарослых, якія сёлета будуць удзельнічаць у катэхізацыі.

У гаміліі катэхетычны візітатар дэканату Гродна-Усход ксёндз Андрэй Урублеўскі CSsR звярнуў увагу на тое, што служэнне катэхета павінна весці да блізкасці з Хрыстом, а таксама быць евангелізацыяй і выхоўваць чалавецтва, што з’яўляецца рэалізацыяй місіі Касцёла.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп падзякаваў катэхетам за вялікую працу суправаджэння вучняў ва ўзрастанні ў веры і за тое, што ўласным стаўленнем, паводзінамі, стылем жыцця яны даюць прыклад веры.

Іерарх пажадаў, каб новы катэхетычны год быў багатым на Божую ласку, а штодзённае служэнне дзецям і моладзі прыносіла катэхетам толькі радасць і задавальненне.

Ён выказаў удзячнасць Аддзелу каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі на чале з яго дырэктарам ксяндзом Андрэем Шчупалам CSsR за клопат аб узроўні катэхізацыі ў Гродзенскай дыяцэзіі.

Сустрэча, якая завяршылася супольным абедам у сталоўцы семінарыі, стала нагодай набрацца духоўных сіл, патрэбных для таго, каб весці дзяцей і моладзь да Бога — крыніцы ўсялякага дабра. У яе межах катэхеты мелі таксама магчымасць абмяняцца вопытам і метадамі, якія выкарыстоўваюць у працы.

 

Абноўлена 07.09.2022 11:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа