Пошук

25.08.2022 11:24   Паводле: ave-maria.by / Catholic.by

Улетку выйшаў з друку юбілейны 100-ы нумар часопіса «Наша вера» — беларускага культурна-рэлігійнага і гістарычнага каталіцкага выдання, заснаванага ў 1995 годзе.

Часопіс адрасаваны шырокім колам інтэлігенцыі і студэнцкай моладзі, усім, каго хвалююць праблемы духоўнасці, каго цікавіць гісторыя хрысціянства, гісторыя каталіцтва на Беларусі і ў свеце, хто хоча быць у курсе сучаснага рэлігійнага і духоўнага жыцця, яго найбольш значных падзей і найбольш цікавых навінак беларускай і замежнай хрысціянскай літаратуры.

Юбілейны нумар часопіса «Наша вера» пачынаецца словамі віншаванняў Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, а таксама словам галоўнага рэдактара часопіса Крыстыны Лялько «З нагоды сотага нумара». Тут жа змешчана эсэ-віншаванне адной з пастаянных аўтарак выдання Аксаны Данільчык «Абсалютная радасць пачэснай місіі», якая разважае пра ролю часопіса ў духоўнай прасторы жыцця беларускага грамадства. Юбілейнаму нумару прысвечаны таксама эсэ мастака Андрэя Дубініна «Буйніцы і драбніцы», вершы Ірыны Багдановіч і Дануты Бічэль.

Тэолаг Марына Пашук у рубрыцы «У кантэксце Бібліі» прапануе ўвазе чытачоў артыкул «Чалавек ён прышлы, нетутэйшы», у якім закранае драматычныя праблемы мігрантаў.

Ксёндз Кірыл Бардонаў у артыкуле «Сцвярджэнне несапраўднасці сужэнства…» на прыкладзе цікавага архіўнага матэрыялу разважае пра складанасць гэтай нялёгкай справы для Касцёла і яго вернікаў.

Вядомы рэстаўратар Ігар Сурмачэўскі ў артыкуле «Аздабленне іконы Будслаўскай Багародзіцы ў 1632–1783 гг.» працягвае знаёміць чытачоў са спадчынай Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе.

550-годдзю ішкалдскага касцёла прысвечаны артыкул доктара мастацтвазнаўства Тамары Габрусь «Узоры „зімовай готыкі“».

Пра мастака-мемуарыста Эдварда Паўловіча ў эсэ «Кожны дзень зацірае сляды дня пражытага…» піша кандыдат філалагічных навук Язэп Янушкевіч.

Літаратуразнаўца Аляксандр Бразгуноў прапануе ўвазе чытачоў свае перастварэнні выбраных прадмоваў Францішка Скарыны да псальмаў.

У рубрыцы «Проза» друкуецца ўрывак з новай кнігі Аркадзя Шпунта «З нататкаў рэстаўратара», якая рыхтуецца да выдання.

Пра творчасць Антонія Эдварда Адынца ў святле 200-годдзя рамантызму цікава разважае літаратуразнаўца Ірына Багдановіч у артыкуле «Паэт-рамантык і сябра Адама Міцкевіча». Тут жа друкуюцца вершы Антонія Эдварда Адынца ў перакладзе аўтаркі артыкула.

Даследчык літаратуры Язэп Янушкевіч гэтым разам у артыкуле «З роду Палеалогаў…» знаёміць чытачоў з жыццём невядомага паэта і паўстанца Юрыя Ляскарыса. Тут жа друкуюцца яго вершы ў перакладзе на беларускую мову Ірыны Багдановіч.

Памяці таленавітага беларускага паэта Юркі Голуба прысвечана эсэ Мі хася Скоблы «За шклом апостальскае пошты».

Доктар філалагічных навук Людміла Сінькова ў артыкуле «…між Прыродай і Богам…» аналізуе экзістэнцыйную лірыку вядомага беларускага паэта з Польшчы Яна Чыквіна.

У перакладзе на беларускую мову з нямецкай Алены Сямёнавай-Герцаг друкуецца проза нямецкага пісьменніка Георга Освальда Котта.

Гісторык-архівіст Андрэй Шпунт у артыкуле «Каб косткі свае скласці на любай Беларусі» знаёміць чытачоў з яшчэ адной цікавай асобай каталіцкай даўніны — ксяндзом Феліксам Неміровічам-Шчытам.

Мастацтвазнаўца Надзея Усава ў артыкуле «Калекцыі Аляксандра Арлоўскага: падвойнае здабыццё» цікава апавядае пра адметнага і малавядомага мастака-рамантыка пачатку ХІХ ст. Тут жа змешчаны цікавы празаічны абразок Габрыэлі Пузыні «Сын карчмара» пра гэтую легендарную асобу ў перакладзе з польскай мовы Ірыны Багдановіч.

Дырэктар Catholic.by ксёндз доктар Аляксандр Улас ад імя рэдакцыі парталу шчыра віншуе галоўнага рэдактара часопіса «Наша вера» спадарыню Крыстыну Лялько, супрацоўнікаў рэдакцыі і пастаянных аўтараў выдання з выхадам у свет юбілейнага нумара. Няхай Бог шчодра  благаславіць плён Вашай працы і натхняе на новыя дасягненні дзеля Яго хвалы, збаўлення душаў і на карысць святому Касцёлу.

Абноўлена 25.08.2022 14:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця