
У нядзелю 21 жніўня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію святога Андрэя, апостала, у Нарачы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат).
У самай «курортнай» парафіі Беларусі арцыпастыр узначаліў традыцыйны адпуст у гонар святога Роха, які здаўна асаблівым чынам ушаноўваецца ў нарачанскім касцёле, а таксама ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе мясцовых вернікаў.
Нарачанцы прывіталі з хлебам-соллю і кветкамі арцыбіскупа Станеўскага ў сваёй святыні, якую ён упершыню наведаў як пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяэзіі.
Сакрамэнт хрысціянскай сталасці з рук арцыбіскупа Станеўскага ў гэты дзень прынялі 23 кандыдаты, якія перад гэтым прайшлі належную падрыхтоўку.

З даўніх часоў перад урачыстасцю святога Роха нарачанскія вернікі збіраюцца ў сваёй святыні на Саракагадзіннае набажэнства, каб з падзякай кленчыць перад Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце, праслаўляючы бязмежную Божую Міласэрнасць і выпрошваючы патрэбныя ласкі для сябе, сваіх блізкіх і ўсёй парафіяльнай сям’і.
Кандыдаты да канфірмацыі добра падрыхтаваліся да таго, каб прыняць у гэтым сакрамэнце дары Духа Святога. Перад гэтым яны прыступілі да сакрамэнту Паяднання, а таксама бралі ўдзел у Сакарагадзінным набажэнстве.
На заканчэнне ўрачыстасці яе ўдзельнікі шчыра падзякавалі арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму за сумесную малітву і ўдзелены сакрамэнт канфірмацыі.































