У нядзелю 14 жніўня ў парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Волме (Стаўбцоўскі дэканат, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адзначылі традыцыйны фэст у гонар святога Роха, які здаўна ўшаноўваецца вернікамі тутэйшай каталіцкай супольнасці як адзін з заступнікаў.
З гэтай нагоды валмянскую парафію наведаў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
«Для мяне сёння вялікая радасць быць у вашым прыгожым і ўтульным касцёле, каб разам праславіць Бога праз заступніцтва святога Роха», — сказаў іерарх, вітаючы вернікаў Волмы на чале з іх душпастырам, ксяндзом Валянцінам Станкевічам, які 3 2015 года з’яўляецца пробашчам мясцовай парафіі.
Напачатку сабраныя на фэст вернікі выйшлі сустракаць цудадзейны абраз святога Роха, які знаходзіцца ў апецы жыхароў суседняй вескі Кавальцы. Раней гэты абраз знаходзіўся ў касцёле, аднак пасля таго, як у 1982 годзе савецкімі ўладамі святыня была разбураны, вернікі яго ўратавалі. З таго часу і па сёння яны захоўваюць яго ў сваіх хатах.
Традыцыйна ва ўспамін святога апекуна старадаўні абраз прыносяць з дома ў святыню для ўшанавання ўсімі парафіянамі.
Узгадаўшы жыццё святога, напоўненае шматлікімі жыцёвымі выпрабаваннямі, біскуп заахвоціў вернікаў, па прыкладу святых, імкнуцца глядзець на штодзённыя цяжкасці Божымі вачыма.
«Кожны святы нас прагне прывесці да Езуса Хрыста. Таму магутнай і дзейснай з’яўляецца апека святога Роха», — падкрэсліў іерарх, выказаўшы пажаданне, каб праз заступніцтва гэтага святога ў Божым народзе ўзрастала пабожнасць.
Звяртаючыся да словаў Святога Пісання з нядзельнай Літургіі слова, біскуп Буткевіч адзначыў, што калі воля чалавека не ідзе за дабром і Богам, то ў жыцці ўзнікаюць супярэчнасці.
«Падзелы ўзнікаюць у нашых сем’ях і грамадстве з-за таго, што не можам падзяліць ў гэтым свеце настолькі малаважныя рэчы, ад якіх не залежыць нашае збаўленне. Трымаемся за дробязі так, што не можам знайсці агульнай мовы з бліжнім. <…>
Збавіць жа можа толькі любоў да Бога і да бліжняга, як да самога сябе. Толькі ўзаемная любоў будзе ўмацоўваць нашую сувязь паміж намі і сувязь з Богам. Такі падыход, калі Бог з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю, незалежна ад таго, што адбываецца ўгэтым свеце, змяняе жыццё чалавека да лепшага», — сцвердзіў на заканчэнне біскуп Алег Буткевіч.
Святая Імша завяршылася святочнай працэсіяй. З Найсвяцейшым Сакрамэнтам і абразом святога Роха духавенства і вернікі абышлі вакол касцёла.
Атрымаўшы пастырскае благаслаўленне, пры выхадзе са святыні вернікі па чарзе падыходзілі да абраза святога Роха, ушаноўваючы яго паклонам і праходзячы пад ім.
Пасля Імшы прагучала некалькі музычных твораў у выкананні маладога мінскага гітарыста Уладзіслава Трыбухоўскага.