8 жніўня ў Маладзечне адбылося пахаванне спачылага Казіміра Касабуцкага, таты біскупа Юрыя Касабуцкага, Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Святой памяці Казімір адышоў у вечнасць 6 жніўня, у свята Перамянення Пана, ва ўзросце 96-і гадоў.
Пахавальная святая Імша адбылася ў касцёле святога айца Піо ў маладзечанскай парафіі святога Казіміра, да якой належаў спачылы тата іерарха.
Узначаліў жалобную цэлебрацыю Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім маліліся сын спачылага біскуп Юрый Касабуцкі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB з Магілёва, больш за паўсотні святароў з усіх дыяцэзій на Беларусі і з-за мяжы, манаскія асобы, родныя і блізкія спачылага, шматлікія вернікі.
Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў біскуп Буткевіч. Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату напачатку працытаваў словы Хрыста, скіраваныя Ім вучням: «Няхай не трывожыцца сэрца вашае». Іерарх запэўніў, што за душу спачылага Казіміра можна не трывожыцца, паколькі ён становіцца перад Панам і Суддзёю «са снапамі добрых учынкаў у руках». Перадусім ён стаў бацькам і выгадаваў двух добрых дзяцей: яго дачка Алена стварыла сваю сям’ю і з’яўляецца актыўнай парафіянкай, а яго сын Юрый пайшоў за голасам паклікання і дасягнуў паўнаты святарства.
«Таму далейшы лёс Казіміра ў вечнасці не выклікае трывогі, бо ён, адышоўшы з гэтага свету ў свята Перамянення Пана, напэўна, убачыць Езуса ў Ягонай хвале і, як Пётр, зможа ўсклікнуць: „Пане, добра нам тут быць!“» — выказаў упэўненую надзею біскуп Алег Буткевіч.
На заканчэнне Эўхарыстыі было зачытана спачувальнае слова Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Антэ Ёзіча, якое прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне скіраваў біскупу Касабуцкаму і яго родным з Харватыі.
Пасля гэтага да сабраных на святой Імшы звярнуўся сам біскуп Касабуцкі, які асаблівым чынам падкрэсліў ахвярнасць сваёй старэйшай сястры Алены, якая цалкам прысвяціла сябе догляду за іх пажылымі бацькамі.
Іерарх таксама падзякаваў усім прысутным у касцёле за супольную малітву, перадусім сваім сабратам біскупам і братам капуцынам, якія нясуць служэнне ў маладзечанскай парафіі святога Казіміра і якія духоўна апекаваліся ягонымі бацькамі ў апошнія гады іх жыцця.
Перад благаслаўленнем арцыбіскуп Станеўскі зазначыў, што спачылы Казімір пражыў доўгае па чалавечых мерках жыццё і адышоў з гэтага свету паяднаным з Богам.
У малітве вернікаў арцыпастыр памаліўся таксама за спачылую маму біскупа Касабуцкага, «каб яна разам з усімі святымі выйшла прывітаць свайго мужа ў Нябесным Валадарстве».
Арцыбіскуп Станеўскі ўзначаліў абрады апошняга даручэння і развітання ў касцёле, а таксама абрады пахавання на маладзечанскіх могілках у Лазаўцы, дзе спачылы Казімір Касабуцкі быў пахаваны побач са сваёй жонкай Уладзіславай, чый зямны шлях завяршыўся 2 лістапада 2018 года.