Пошук

05.11.2018 17:59   Catholic.by

5 лістапада ў Маладзечне прайшло пахаванне Уладзіславы Касабуцкай – маці Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, якая адышла ў вечнасць 2 лістапада на 82-м годзе жыцця.

Паводле слоў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які ў маладзечанскім касцёле св. Юзафа ўзначаліў цэлебрацыю св. Імшы ў інтэнцыі спачылай, вернікі павінны ўспрымаць смерць не як завяршэнне жыцця, а як яго перамену.

«Уваскрослы Хрыстус з’яўляецца гарантам нашага змёртвыхпаўстання, — адзначыў іерарх. — Той, хто верыць у Хрыста, калі і памрэ, то жыць будзе вечна. Таму могілкі — гэта каралеўства не памерлых, але жывых».

«Сёння мы праводзім у апошні зямны шлях Маці біскупа, жадаючы выказаць ёй удзячнасць за сына святара і наступніка апосталаў, — сказаў арцыбіскуп. — У сям’і Казіміра і Уладзіславы Касабуцкіх у часы ваяўнічага атэізму нарадзілася двое дзяцей, біскуп Юрый і яго сястра Алена. У Маладзечне не было ні касцёла, ні святара. На святую Імшу, споведзь, а таксама каб прыняць св. Камунію, неабходна было ездзіць у Краснае.

Перад бацькамі Юрыя і Лены стаяла вельмі складанае заданне: не толькі самім захаваць веру, але і перадаць яе дзецям. У тых умовах іх дом стаў хатнім Касцёлам, „санктуарыем малітвы“ і месцам хрысціянскага выхавання дзяцей.

Іх высілкі не былі марнымі: сын Юрый мог стаць інжынерам-эканамістам, але, пачуўшы голас паклікання, скіраваў свае крокі ў Гродзенскую духоўную семінарыю. Стаў святаром, здольнасці і ахвярнасць якога ў служэнні Касцёлу заўважыў папа Францішак і пяць гадоў таму прызначыў яго біскупам.

Яго сястра Алена заснавала сям’ю, выхавала дваіх сыноў і мае ўнучку. Ва ўсім гэтым вялікая і бясцэнная заслуга святой памяці Уладзіславы».

Як дадаў іерарх, Святое Пісанне згадвае, што дзейная жанчына больш каштоўная, чым пярліны:

«Такой жанчынай была святой памяці Уладзіслава. Ва усіх цяжкасцях жыцця яе святлом была глыбокая вера, з якой чэрпала сілы. Бог паклікаў цябе, Уладзіслава, да сябе. Паклікаў у асаблівы час, у тыдзень малітваў за памерлых», — завяршыў прамову арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Біскуп Юрый Касабуцкі падзякаваў усім тым, хто ў гэтыя дні падтрымаў яго і ягоных родных. У пахавальнай святой Імшы ўзялі ўдзел біскупы Алег Буткевіч, Аляксандр Яшэўскі SDB і Юзаф Станеўскі, а таксама больш за 80 святароў з усіх дыяцэзій Беларусі.

Словы асаблівай падзякі біскуп Юрый скіраваў дэкану Маладзечанскаму кс. прэлату каноніку Эдмунду Даўгіловічу-Навіцкаму, пробашчу парафіі св. Юзафа, які не толькі добра ведаў сям'ю Касабуцкіх, а нават як быццам «стаў членам гэтай сям'і». Іерарх падзякаваў таксама айцам капуцынам, што нясуць служэнне ў парафіі св. Казіміра ў Маладзечне, якія рэгулярна наведвалі ягоных бацькоў і ўдзялялі ім святыя сакрамэнты.

Рэдакцыя партала Сatholic.by выказвае спачуванні біскупу Юрыю Касабуцкаму.

Абноўлена 05.11.2018 18:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа