У суботу 30 ліпеня ў Пінску адбылася сустрэча сем’яў Паўднёвага сектара руху Equipes Notre-Dame (ЭНД).
Як паведамляецца на сайце часопіса «Ave Maria», распачалася сустрэча ўрачыстай святой Імшой, падчас якой адбылася цырымонія перадачы адказнасці за развіццё Паўдневага сектара руху Equipes Notre-Dame.
Наталля і Сяргей Бобка перадалі сваю паслугу Святлане і Ігару Каржаку, якія будуць прыкладаць усе намаганні, каб рух і надалей развіваўся і ўмацоўваўся.
Адказная пара за Рэгіён Беларусь, Максім і Аліна Угорыч, апранулі на новую адказную пару сімвалічныя фартухі як сімвал гасціннасці і служэння іншым сужэнствам.
Пасля святой Імшы Наталля і Сяргей Бобка падзяліліся досведам свайго служэння і запрасілі ўсіх прысутных на нязвыклую забаўляльную праграму на цеплаходзе «Пінск». Сужэнствы падрыхтавалі невялікія аповеды пра святых апекуноў сваіх суполак, а таксама спявалі свае любімыя творы. На пірсе сужэнствы Equipes Notre-Dame чакаў экскурсавод Ягор Бунь, каб разам прайсці па самых прыгожых вуліцах Пінска і распавесці пра гісторыю горада, а духоўны дарадчык руху ксёндз Ян Саламон дапоўніў аповед экскурсавода цікавымі фактамі з гісторыі рэканструкцыі катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Уражаннямі ад сустрэчы падзяліліся Андрэй і Людміла Шкраба, сужэнства з Нясвіжа: «Сэрца напоўнена радасцю!
Гэты дзень для нашага сектара сапраўды стаў карысным духоўным, фізічным адпачынкам і часам падвядзення вынікаў работы за апошнія тры гады. Шчыра дзякуем Наталлі і Сяргею за самаадданую працу. Ігару і Святлане, цудоўнай пары руху, жадаем Божага благаслаўлення ва ўсіх справах, усім удзельнікам руху (сябрам, зараз толькі так, інакш і не скажаш) — добрага летняга адпачынку і радасці на кожны дзень жыцця!»