З 22 па 24 ліпеня пры санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе праходзілі Дні моладзі Віцебскай дыяцэзіі, у якіх узялі ўдзел некалькі дзясяткаў юнакоў і дзяўчат з розных парафій.
У першы дзень сустрэчы, арганізаванай Дыяцэзіяльным душпастрыствам моладзі, удзельнікі сабраліся на святую Імшу, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
У прамоўленай гаміліі іерарх звярнуў увагу на асобу святой Марыі Магдалены, літургічнае свята якой адзначалася ў гэты дзень. Заўважыўшы, што гэта была жанчына няпростага лёсу, іерарх перадусім звярнуў увагу на тое, што яна здолела зразумець, «якое месца займае ў яе жыцці Езус, кім Ён для яе з’яўляецца».
«Тое, што яна мела ў сваім сэрцы, гэта тое, што хочацца пажадаць кожнаму з нас — сабе таксама — мець гэтае вялікае прагненне: прагненне быць з Езусам; ужо зараз, тут, у гэтым свеце належаць да Яго. І гэтая сустрэча, дзеля якой збіраецеся, прысвечана тэме: як, якім чынам, дзякуючы якім сродкам трываць у лучнасці з Езусам Хрыстом. Ужо ведаеце адказ на гэтае пытанне, над якім будзеце яшчэ разважаць», — адзначыў біскуп Буткевіч.
Пастыр прапанаваў моладзі засяродзіцца на чатырох момантах, якія адрознівалі вучняў Хрыста з апостальскіх часоў. Першы з іх — трываць у супольнасці, у лучнасці з Касцёлам. Другі — слухаць вучэнне апосталаў, цэнтрам якога з’яўляецца праўда пра ўваскрасенне Хрыста і Яго прысутнасць сярод нас, пра Яго любоў да кожнага чалавека, і трываць у гэтым вучэнні. Наступны момант лагічна выцякае з папярэдняга: трываць у ламанні Хлеба, у Эўхарыстыі.
«І нарэшце, малітва — тое, што нас яднае з Богам няспынна; што павінна быць нашым хлебам духоўным», — дадаў іерарх. Пры гэтым ён прапанаваў таксама адказаць на пытанне, дзеля чаго ўсё гэта неабходна рабіць. Біскуп звярнуў увагу на тое, што ў сучасным свеце веруючым юнакам і дзяўчатам бывае няпроста перад сваімі аднагодкамі, большасць з якіх абыякавыя да рэлігіі, практыкаваць сваю веру, жыць ёю. Іерарх прывёў тры аргументы, якія даюць адказ на тое, чаму нам патрэбна лучнасць з Богам і пазнанне Божай праўды.
«Першы, вельмі важны аргумент, гэта дзеля таго, каб <…> у гэтым свеце жыццё ўладкаваць паводле Божага плану; інакш кажучы, каб гэтае жыццё было людскім», — адзначыў іерарх. Паводле яго, большасць праблем сённяшняга жыцця звязана з тым, што «грамадства занядбала сваё духоўнае развіццё» і «не шукае так, як належыць, лучнасці з Богам». Лучнасць з Богам неабходная, «каб у свеце не згубіцца, каб не страціць свабоды», бо нармальнае жыццё можа быць толькі Божым.
«Божае і нармальнае — гэта сінонімы», — сцвердзіў біскуп Буткевіч.
Другі аргумент датычыцца адносін з бліжнімі. Іерарх заўважыў, што адносіны нават паміж найбліжэйшымі людзьмі часта разбураюцца, бо «будуем адносіны не на тым, на чым павінна быць». «І ў адносінах з людзьмі мы павінны звяртаць увагу на іх духоўны бок», а не на «нейкія знешнія якасці», — зазначыў біскуп.
Нарэшце, лучнасць з Богам «адкрывае нам перспектыву не проста нармальнага жыцця тут, у гэтым свеце, але вядзе нас да вечнасці», — падкрэсліў пастыр, дадаўшы, што гэты аргумент варта было б паставіць на першае месца, «бо гэта тая каштоўнасць, пра якую ў першую чаргу павінен памятаць чалавек у гэтым свеце».
«Дзеля чаго жывем? Не для таго, каб памерці і знікнуць: нас чакае вечнасць. Якой яна будзе — гэта залежыць ад таго, наколькі мы тут сваё жыццё пабудуем на Езусе Хрысце, на Ягонай праўдзе, на праўдзе Евангелля», — зазначыў біскуп.
Нагадаўшы скіраваны апосталам заклік Езуса «выплысці на глыбіню», іерарх сказаў:
«Гэтая глыбіня веры, яна сапраўды вельмі вялікая; яна, больш таго, вельмі прыгожая і яшчэ больш прывабная, чым гэты — з усімі сваімі дасягненнямі — свет матэрыяльны. Вось калі гэта зразумеем, вось калі на гэта паставім усё, як кажуць, як „на адну карту“, то, напэўна, гэтае жыццё і ў астатніх яго праяўленнях, у астатніх яго галінах будзе жыццём прывабным, яно будзе жыццём Божым, яно будзе жыццём нармальным», — запэўніў моладзь пастыр Віцебскай дыяцэзіі.
Сваю гамілію біскуп Алег Буткевіч завяршыў пажаданнем юнакам і дзяўчатам:
«Жадаю вам стаць апосталамі Езуса Хрыста, Яго любові да чалавека; любові, якая змывае кожны грэх, якая патрапіць „выцягнуць“ чалавека з кожнай залежнасці; любові, якая дае сапраўднае шчасце не толькі ў гэтым свеце, але адкрывае перспектыву шчасця без канца ў Божым Валадарстве».