Пошук

22.07.2022 12:03   Альжбета Баганік / Catholic.by

Раніцай 20 ліпеня, напярэдадні адзінаццатай гадавіны адыходу ў вечнасць кардынала Казіміра Свёнтка, вернікі дзвюх парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — святога Антонія Падуанскага ў Мар’інай Горцы і святых Пятра і Паўла, апосталаў, у Рудзенску, — скіраваліся ў пілігрымку ў Пінск.

Пілігрымаў благаславіў іх душпастыр, ксёндз пробашч Генрых Кучынскі. Святар сам быў таксама кіроўцам у гэтым падарожжы.

Першы свой прыпынак пілігрымы зрабілі ў старадаўнім Нясвіжы. У касцёле Божага Цела яны ўзнеслі малітвы аб добрым падарожжы і супакоі ва ўсім свеце.

За ціхімі размовамі, праглядам фільма «Канікулы кардынала» і мілагучнымі спевамі дарога ў тры сотні кіламетраў незаўважна прывяла ў горад на Піне.

Пухавіцкія вернікі заўсёды з вялікай любоўю і пашанай адносіліся да асобы кардынала Казіміра Свёнтка, выхоўваліся на прыкладзе гэтага ахвярнага пастыра і Сведкі веры.

Таму сёлета ад імя усіх парафіянаў пухавіцкай зямлі пілігрымы прынеслі кветкі у крыпту, дзе спачываюць парэшткі іерарха.

Вернікі таксама памаліліся ў капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у старадаўняй пінскай катэдры, дзе знаходзіцца труна з парэшткамі Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, першага Пінскага біскупа. Менавіта яго прыклад адыграў вырашальную ролю ў пакліканні першага і адзінага ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынала.

Увечары 21 ліпеня пілігрымы з Мар’інай Горкі і Рудзенска ўдзельнічалі ў Імшы за святой памяці Казіміра Свёнтка ў мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі, цэлебрацыю якой узначаліў яго наступнік на Мінска-Магілёўскай Мітрапалітальнай катэдры арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця