Пошук

22.07.2022 11:24   Фота: Улад Беладзед / Catholic.by

21 ліпеня, у адзінаццатую гадавіну смерці кардынала Казіміра Свёнтка, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы за свайго спачылага папярэдніка ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі.

Разам з арцыпастырам маліліся блізкія супрацоўнікі кардынала: Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, пробашч мінскай катэдральнай парафіі ксёндз канонік Антоній Клімантовіч, пробашч маладзечанскай парафіі святога Юзафа ксёндз прэлат Эдмунд-Даўгіловіч Навіцкі.

У Эўхарыстыі ў Мінску ўзялі ўдзел таксама пілігрымы з Мар’інай Горкі і Рудзенска на чале са сваім пробашчам ксяндзом Генрыхам Кучынскім, якія напярэдадні наведалі Пінск і месца пахавання кардынла Свёнтка.

У прамоўленай гаміліі біскуп Касабуцкі падкрэсліў вялікі ўнёсак спачылага іеарарха ў адраджэнне Касцёла на Беларусі пасля дзесяцігоддзяў атэістычных ганенняў на веру, першага і адзінага кардынала ў сучаснай гісторыі нашай краіны.

Да чарговай гадавіны смерці кардынала Свёнтка ў адрэстаўраванай яго намаганнямі мінскай катэдры адкрылася падрыхтаваная выдавецтвам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo» фотавыстава, прысвечаная жыццю і дзейнасці іерарха, які за надзвычайную мужнасць і вернасць Касцёлу сярод нялюдскіх выпрабаванняў быў уганараваны спецыяльнай узнагародай Fidei testis — «Сведка веры».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця