Пошук

21.07.2022 17:23   Жанна Закрэўская / kascelmery.by

У суботу 16 ліпеня ў мястэчку Ідолта, што размясцілася ў маляўнічым куточку беларускага Паазер’я паміж Мёрамі і Друяй, мясцовыя вернікі адзначылі парафіяльную ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль.

Як паведамляецца на сайце парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Міёрах kascelmery.by, з нагоды адпусту ідолцкую парафію, на тэрыторыі якой знаходзіцца само мястэчка і навакольныя вёскі, наведаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Іерарх прыбыў у Ідолту раніцай і ў суправаджэнні пробашча парафіі ксяндза Вячаслава Адамовіча напачатку скіраваўся ў вёску Дзедзіна на тэрыторыі ідолцкай парафіі, дзе ў прысутнасці мясцовых жыхароў і гасцей благаславіў новы прыдарожны крыж. Ініцыятарамі і фундатарамі ўсталявання незвычайнага драўлянага крыжа ў выглядзе каплічкі сталі сям’я Лапуцэвічаў і Барыс Вярковіч.

Па дарозе наведалі могілкі ля вёскі Дзедзіна, дзе пахаваныя бацькі грэка-каталіцкага біскупа Чэслава Сіповіча.

Некалькі гадоў таму сюды прывезлі зямлю з магілы біскупа, які пахаваны ў Лондане. Аддаючы даніну памяці, вернікі на чале з біскупам Буткевічам супольна памаліліся за памерлых, а айцец Дзмітрый Грышан з Віцебска правёў малітву паводле грэка-каталіцкага абраду.

Наступным пунктам, які наведаў біскуп Буткевіч, стала вуліца Маладзёжная ў Ідолце, дзе намаганнямі жыхароў вуліцы быў ўсталяваны новы металічны крыж на месцы старога, драўлянага. Благаслаўляючы яго, пастыр Віцебскай дыяцэзіі заўважыў, што прыдарожны крыж — «гэта не проста сімвал хрысціянства, але вызнанне нашай уласнай веры; даніна памяці тым, хто яе для нас захаваў». Іерарх падзякаваў прысутным за ўсталяванне крыжа і супольную малітву.

Пасля гэтага біскуп скіраваўся ў капліцў на паўастраўку, дзе здзейсніў абрад благаслаўлення двух абразоў.

Пачэснае месца ў галоўным алтары заняў абраз Маці Божай Балеснай, а на бакавой сцяне размясціўся абраз Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі — у гонар тытула капліцы. Новыя абразы з’явіліся ў капліцы па ініцыятыве мецэнатаў Пятра і Марыны Крупко з Санкт-Пецярбурга.

Апоўдні біскуп Буткевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў парафіяльным касцёле Маці Божай Шкаплернай. У прамоўленай гаміліі, разважаючы над гісторыяй ўзнікнення свята і традыцыяй нашэння шкаплера, іерарх, між іншым, адзначыў:

«Шкаплер — гэта частка манаскай вопраткі. Ён уяўляе сабой кавалак тканіны з выявамі Маці Божай і Сэрца Езуса. <...>

Побач з тым абяцаннем, якое дае Маці Божая за нашэнне шкаплера, ён выконвае яшчэ адну функцыю.

Ён ёсць знакам, які нагадвае нам яшчэ пра адну вопратку, якую кожны з нас калісьці атрымаў на святым хросце. Вопратку, пра якую нам кажа Святое Пісанне. Вопратку, у якой мы станем перад Езусам Хрыстом у вялікім натоўпе збаўленых. Гэтая вопратка — нашы ўчынкі, наша сэрца», — заўважыў біскуп.

Пасля Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту і Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла.

На заканчэнне ўрачыстасці біскуп Алег Буткевіч здзейсніў абрад благаслаўлення яшчэ аднаго крыжа. Гэты крыж быў усталяваны каля святыні на ахвяраванні парафіянаў на знак памяці аб тых, хто будаваў касцёл, хто захаваў і перадаў веру. Выканаў прыгожы металічны крыж майстар з вёскі Пад’ельцы Уладзімір Кукуць, які таксама зрабіў крыж, усталяваны на вуліцы Маладзёжнай.

…Завяршылася ўрачыстасць, але вернікі не спяшаліся разыходзіцца. На свята сабралася шмат гасцей не толькі з суседніх парафій, але з Расіі і Латвіі. Нечаканыя сустрэчы, абмеркаванні, новыя планы і, вядома ж, надзея на тое, што Маці Божая Шкаплерная збярэ ўсіх на наступны год.

Абноўлена 21.07.2022 19:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця