Уначы з 16 на 17 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль у Гудагаі адбылася ўрачыстая святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Перад Эўхарыстыяй адбылася працэсія з цудадзейным абразом Маці Божай Шкаплернай, які 15 гадоў таму быў каранаваны папскімі каронамі.
Апоўначы духавенства і вернікі працэсійна вырушылі ад невялічкага касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, што ў цэнтры мястэчка.
З запаленымі паходнямі і свечкамі ў руках, удзельнікі працэсіі прайшлі ўздоўж парафіяльных могілак, молячыся Ружанец, і, зрабіўшы кола, скіраваліся да палявога алтара, дзе падчас Гудагайскага фэсту праходзяць урачыстыя цэлебрацыі.
У працэсіі і святой Імшы на чале з біскупам Буткевічам бралі ўдзел найстарэйшы беларускі іерарх, Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, айцы кармэліты, якія апякуюцца дыяцэзіяльным санктуарыем у Гудагаі і іх сабраты з усёй Беларусі, шматлікія святары, кансэкраваныя асобы і вернікі з усёй краіны і з-за мяжы.
Кіруючы прывітальнае слова да сабраных на пачатку начной цэлебрацыі, пробашч гудагайскай парафіі і кусташ санктуарыя Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі айцец Аркадзь Куляха OCD звярнуў увагу на тое, што Панна Марыя сама збірае ў гэты момант сваіх дзяцей на чуванне ў цемры начы.
«А цемра, як вядома, сябра моладзі», — дадаў кармэліт, прывітаўшы асабіста ўсіх маладых духам удзельнікаў, пачынаючы з прысутных іерархаў.
Біскуп Буткевіч на пачатку гаміліі, вяртаючыся да словаў айца Аркадзя пра цемру, заўважыў, што цемру гэтай ночы ў Гудагаі асвятляе «святло Матчыных вачэй», якімі Панна Марыя «бачыць кожнага з нас, і перадусім бачыць нашыя сэрцы» з гары Кармэль.
Іерарх нагадаў, што гэтая гара — «гістарычнае, прыгожае і асаблівае месца», дзе яшчэ ў часы Старога Запавету была абаронена вера ў Адзінага Бога, калі дзякуючы дзейнасці прарока Іллі яго сучаснікі пераканаліся ў сапраўднасці Створцы гэтага свету. На гары прарок таксама маліў Бога аб дажджы падчас засухі, і адтуль назіраў, як невялічкая напачатку аблачынка ператварылася ў магутную хмару, якая шчодра напаіла жыццядайнай вільнгаццю сасмаглую зямлю.
«Гэта — правобраз Найсвяцейшай Панны Марыі», — падкрэсліў біскуп, нагадаўшы, як на Раратах у перыяд Адвэнту прыйсце Збаўцы, якога чакае свет, параўноўваецца з расою, што нябёсы кропяць з вышыняў. Марыя, даючы свету Збаўцу, адкрывае для грэшных людзей крыніцу Божай Міласэрнасці. «Мы сёння тут якраз таму, што адчуваем асаблівым чынам гэты дар Божай Міласэрнасці», — зазначыў іерарх.
Біскуп Буткевіч нагадаў пра два важныя знакі Марыйнай пабожнасці, асабліва папулярныя ў Каталіцкім Касцёле, якія адносяцца прыблізна да аднаго гістарычнага перыяду: ружанец і шкаплер. Карыстаючыся гэтымі дарамі Маці Божай, вернікі на працягу стагоддзяў атрымліваюць шчодры духоўны плён. Іерарх заўважыў, што шкаплер першапачаткова з’яўляецца часткай вопраткі і, між іншым, нагадвае таксама пра белае адзенне, якое чалавек атрымлівае ў момант хросту, і пра чысціню, аб якой кожны хрысціянін абавязаны дбаць. Гэта сімвал вопраткі, у якую апрануты тыя, каго апостал Ян у сваім Аб’яўленні бачыць перад тронам Ягняці, ачышчанай Яго крывёю.
«Гэта вопратка нашай душы. Аб яе чысціні мы з вамі абавязаныя няспынна дбаць», — падкрэсліў біскуп Буткевіч, адзначыўшы, што абяцанне Маці Божай, звязанае са шкаплерам, не ператварае яго ў «магічны амулет», але накладае на тых, хто яго носіць, пэўную адказнасць. Мала насіць шкаплер на сабе: пры гэтым неабходна прыслухоўвацца да Божага слова і імкнуцца рэалізаваць яго ў сваім жыцці, як гэта рабіла Марыя.
«Інакш кажучы, каб гэты шкаплер не быў проста знешнім знакам, але каб нагадваў нам пра нашую прыналежнасць да Хрыста, пра нашае хрысціянства, якое не можа быць толькі праяўленнем нейкай знешняй традыцыі», — сцвердзіў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату, заахвоціўшы удзельнікаў урачыстасці быць сведкамі Бога ў сучасным свеце.
«Просім сёння ў Найсвяцейшай Панны Марыі, нашай нябеснай Маці, Маці Божай з гары Кармэль — той, якая нам дае такія вялікія абяцанні, — просім аб адвазе, каб нам быць больш падобнымі да Яе ў паслухмянасці Божаму слову, у паслухмянасці Божай волі», — заклікаў прысутных біскуп Алег Буткевіч.
…Падчас начной Імшы ў Гудагаі ішоў невялікі дождж. Але ён дакладна нікому з прысутных не сапсаваў настрою, бо праз прызму біблійных вобразаў успрымаўся як знак прысутнасці Маці Божай, якая ані на хвіліну не пакідае сваіх дзяцей.