Пошук

16.07.2022 18:54   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У суботу 16 ліпеня ў Клюшчанах, што на Астравеччыне, адбылося пасвячэнне новай святыні, размешчанай у былой плябаніі, замест знішчанага пажарам у 2017 годзе касцёла святога Яўхіма.

Клюшчаны — невялікая вёсачка даўняга Віленскага краю, на самым беларска-літоўскім памежжы, славутая тым, што з мясцовай парафіі паходзіў і пэўны час нёс тут служэнне святар і паэт Канстанцін Стаповіч (Казімір Сваяк).

Клюшчанскі касцёл, у якім ён калісьці служыў, быў цалкам знішчаны пажарам пяць гадоў таму, у ноч на 6 чэрвеня 2017 года.

У святыні па нядзелях і святах збіраліся вернікі з больш чым дзесяці навакольных вёсак. З таго часу яны разам са сваім пробашчам ксяндзом Анатолем Захарэўскім абсталявалі новы касцёльчык, які размясціўся ў перабудаваным будынку былой плябаніі.

Пасвячэнне новага касцёла ў Клюшчанах здзейсніў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Заслужанага іерарха сабраныя на ўрачыстасць святары і вернікі сустрэлі каля ўваходнай брамы даўняга клюшчанскага касцёла. Дзеці прачыталі вершы, складзены мясцовымі парафіянамі з нагоды пасвячэння новага касцёла, у якім гучалі адначсова боль ад незваротнай страты і радасць ад прысутнасці Пана Езуса, які не пакінуў сваіх дзяцей.

Арцыбіскуп Кандрусевіч благаславіў усталяваныя на цагляных слупах брамы мемарыяльныя шыльды, на якіх для гісторыі ўвекавечаны асноўныя падзеі, звязаныя з мясцовай святыняй.

Вітаючы сабраных вернікаў і святароў, заслужаны іерарх адзначыў, што жыхары Клюшчанаў і прылеглых вёсак прызвычаіліся, што з даўніх часоў мелі Божы дом. Драўляны касцёл быў пабудаваны тут у 1726 годзе У 1948 святыня была зачынены атэістычнымі ўладамі і выкарыстоўвалася як склад. Яна была вернуты парафіі ў 1990 годзе, але ў 2017 годзе здарылася няшчасце: касцёл згарэў.

«Пажар касцёла — гэта вялікае выпрабаванне для вернікаў. Клюшчанскі касцёл выстаяў у складаныя часы: дзве сусветныя вайны і атэістычны рэжым яго не знішчылі. Аднак пасля пажару нічога не засталося.

Гэта вельмі сімвалічна. Кожны з нас моцаю хросту з’яўляецца святыняй Святога Духа, але грахоўны пажар можа яе знішчыць», — падкрэсліў у Божым слове арцыпастыр.

Ён дадаў, што пажар касцёла святога Яўхіма ў Клюшчанах, катэдры Нотр- Дам у Парыжы і будслаўскага санктуарыя разам з пандэміяй каранавірусу з мільёнамі ахвяраў — гэта знакі, праз якія «Бог прамаўляе да людзей і кажа, што чалавек не ўсемагутны, як думае сучасны свет».

«Адсюль выснова, што гэтыя і падобныя падзеі заклікаюць нас да навяртання і будавання жыцця згодна з Божым правам. Калі гарэла катэдра Нотр-Дам у Парыжы, то ўся Францыя стала на калені, каб перапрашаць Бога за свае грахі.

Мы таксама перад абліччам шматлікіх праблем як у нашым грамадстве, так і ў свеце, павінны стаць на калені і перапрашаць Бога за ўсе знявагі, за адыход ад веры і хрысціянскіх традыцый», — падкрэсліў іерарх.

Арцыбіскуп Кандрусевіч заўважыў, што дзень пасвячэння касцёла радасны для мясцовых вернікаў, хоць новы касцёл не заменіць ім знішчанай пажарам святыні. Тым не менш, праз асвячэнне ён таксама становіцца месцам сустрэчы чалавека з Богам, якая будзе тут адбывацца праз Божае слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў, набажэнстваў і іншыя формы рэлігійнага жыцця.

Арцыпастыр звярнуў увагу прысутных на сімвалічнасць таго, што апекуном клюшчанскай парафіі з’яўляецца святы Яўхім, бацька Найсвяцейшай Панны Марыі, якая прыняла Божую волю і нарадзіла Збаўцу свету.

«Неабходна прасіць яго заступніцтва, каб у новым касцёле нараджаліся да духоўнага жыцця тыя, хто, як Марыя, будуць жыць згодна з Божай воляй, бо гэта ключ да шчаслівага жыцця на зямлі і дасягнення радасці неба», — заахвоціў вернікаў іерарх.

Ён не абмінуў увагай і той факт, што ў клюшчанскім касцёле пэўны час нёс святарскае служэнне вядомы грамадскі дзеяч і паэт Казімір Сваяк — ксёндз Канстанцін Стаповіч.

«У адным са сваіх вершаў ён пісаў: „Я несмяртэльны нават і ў магіле“. Мы створаныя да жыцця. Хрыстус кажа, што той, хто будзе есці Яго Цела і піць Яго Кроў, нават калі памрэ, будзе жыць вечна», — сцвердзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, пажадаўшы прысутным памятаць аб гэтым і ў новым касцёле карміцца хлебам Божага слова і Эўхарыстыяй, каб атрымаць вечнае жыццё.

На заканчэнне святой Імшы на алтары новапасвячанага касцёла быў падпісаны адпаведны дэкрэт. Свае подпісы пад ім паставілі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, пробашч клюшчанскай парафіі і ўсе прысутныя святары.

З гісторыі касцёла ў Клюшчанах

  • 1785 год — заснаванне першага касцёла пад тытулам святога Яўхіма Каламбрыйскага. Фундатар — Ян Корсак.
  • 1844 год — пашырэнне святыні і змена тытула касцёла на святога Яўхіма, бацькі Найсвяцейшай Панны Марыі.
  • 1887 год — рэканструкцыя і перабудова касцёла пад кіраўніцтвам ксяндза Яна Галіча-Сулінскага.
  • 1904–1905 гады — узвядзенне на франтоне касцёла дзвюх вежаў у гатычна-закапанскім стылі і пераабсталяванне трох алтароў пад кіраўніцтвам ксяндза Юзафа Бародзіча.
  • кастрычнік 1948 года — апошняя святая Імша перад закрыццём касцёла савецкай уладай. Цэлебраваў ксёндз Адам Вайцяхоўскі.
  • 27 жніўня 1989 года — касцёл вернуты вернікам, у тым жа годзе адрамантаваны сіламі і на ахвяраванні парафіянаў.
  • 1993 год — адноўлены інтэр’ер пад кіраўніцтвам айца Паўла Леліты ОСD.
  • 2014–2015 гады — касцёл адноўны звонку і ўсярэдзіне пад кіраўніцтвам ксяндза Анатоля Захарэўскага.
  • 6 чэрвеня 2017 года — будынак касцёла цалкам знішчаны пажарам.
  • 16 ліпеня 2022 года — арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пасвяціў новы касцёл
Абноўлена 18.07.2022 10:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця