Пошук


У чэрвені і ліпені супрацоўнікі і валанцёры Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі працягваюць ездзіць па вёсках і мястэчках Беларусі ў межах рэалізацыі праекту «Звераполіс», скіраванага на падтрымку перадусім жыхароў сельскай мясцовасці.

Нямала дакументаў ды узгадненняў падпісаць, не адно пытанне вырашыць давялося дырэктару Caritas Мінск брату Анатолю Ярошку OFMCap разам з супрацоўнікамі, каб гэты праект сёлета адбыўся, але, як зазначаюць удзельнікі, гэта ўсё таго каштавала.

«Мы ведаем, што, каб добра жыць на вёсцы, часам прыходзіцца і рана ўстаць, і позна легчы, але людзі не наракаюць на гэта, бо праца прыносіць асалоду. Колькі б мы ні знаёміліся з вяскоўцамі падчас паездак па Беларусі, заўсёды захапляе іх ўменне пасмяяцца над сабой праз прымаўку ды анекдот расказаць у самых цяжкіх жыццёвых абставінах.

Шмат тут людзей з вялікім сэрцам, і мы шчаслівыя мець магчымасць іх падтрымаць», — дзеляцца валанцёры і супрацоўнікі дабрачыннага каталіцкага таварыства на старонцы Caritas Мінск у сацыяльнай сетцы Вк.

Яны адзначаюць, што сёння сельскае насельніцтва Беларусі складае ўсяго 22%, але ж большасць цяперашніх гараджанаў паходзіць менавіта з беларускіх вёсачак, дзе жылі калі нават не яны самі і іх бацькі, то, напэўна, бабулі і дзядулі.

Таму ў Год гістарычнай памяці асабліва важна падтрымаць тых, хто жыве на вёсцы, каб праз гэта ўмацаваць сувязь пакаленняў, чаму спрыяе праект «Звераполіс», які рэалізуе Caritas Мінск.

Праект скіраваны на дапамогу малазабяспечаныя, інвалідам, пенсіянерам, шматдзетным, няпоўным, апякунскім і прыёмным сем’ям, а таксама людзям, якія апынуліся ў цяжкім жыццёвым становішчы. Дабрачыннае каталіцкае таварыства дапамагае людзям незалежна ад іх рэлігійнай прыналежнасці і веравызнання.

У чэрвені валанцёры і супрацоўнікі Caritas падтрымалі такім чынам 143-х чалавек у Старых Дарогах, Слуцку, Замосці, Нясвіжы, Гарадзеі, Дзяржынску, Ракаве, Івянцы і Валожыне, перадаўшы ім 858 курэй-нясушак. У ліпені дапамогу атрымалі 154 асобы з Чавусаў, Мсціслава, Княжыцаў, Бялынічаў, Крупак, Барысава, Смалявічаў і Капішча, якім былі перададзены 924 курыцы-нясушкі.

Птушкі дадуць вяскоўцам магчымасць карміць сям’ю многія месяцы, а нават і не адзін год.

Партнёрам праекту «Звераполіс» з’яўляецца Caritas дыяцэзіі Лінца (Аўстрыя).

Далучыцца да дапамогі таксама можа кожны неабыякавы. Як гэта зрабіць — падрабязна апісана ТУТ>>>

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа