Па благаслаўленні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ксёндз канонік Францішак Рудзь прыняў удзел у святочнай вячэры з нагоды свята Курбан-Байрам у мінскай Саборнай мячэці.
Гасцямі мерапрыемства сталі прадстаўнікі дыпламатычных місій, дзяржаўных органаў і вядучых канфесій Рэспублікі Беларусь.
Свята Курбан-Байрам у арабскай традыцыі называецца Ід аль-Адха і адзначаецца ў гонар прарока Абрагама, або Ібрагіма.
Як абвяшчае Каран, у сне да яго з’явіўся анёл Джабраіл і загадаў па волі Алаха прынесці ў ахвяру свайго сына Ісмаіла. Рыхтуючыся да абраду, Ібрагім адправіўся ў даліну Міна, да месца размяшчэння Мекі. Ісмаіл рушыў следам за бацькам, падпарадкоўваючыся волі бацькі і Найвышэйшага. Падчас ахвярапрынашэння анёл Джабраіл даў прароку Ібрагіму ў якасці замены за сына барана. За адданасць і чысціню душы Ібрагіма Алах дараваў Ісмаілу жыццё.
Мусульмане ў гэтыя дні імкнуцца сабраць пад дахам свайго дома як мага больш гасцей, ад душы пачаставаць і парадаваць людзей.
Запрашэнне было прынята з ветлівасцю, бо ўжо на працягу многіх стагоддзяў на тэрыторыі талерантнай Беларусі па-добрасуседску пражываюць прадстаўнікі каталіцкай, праваслаўнай, мусульманскай і юдэйскай супольнасцяў.
Упершыню з ісламам жыхары беларускіх земляў пазнаёміліся яшчэ ў X стагоддзі, калі князі і шляхта беларускіх княстваў ездзіла з дыпламатычнымі місіямі ў Візантыйскую імперыю, а гандляры дастаўлялі свае тавары ў паўднёвыя рэгіёны па шляху «з варагаў у грэкі». У XIV стагоддзі мусульмане пасяліліся на тэрыторыі Беларусі і мелі тыя ж правы, што і карэннае насельніцтва. Гэта пацвярджаюць заканадаўчыя дакументы (прывілеі) Вялікіх Князёў Літоўскіх і Статуты ВКЛ. Мусульманскае насельніцтва зрабіла свой унёсак у развіццё гісторыі і беларускай культуры, стаўшы яе неад’емнай часткай.
Шматвяковыя традыцыі талерантнасці падтрымліваюцца і ў сучаснай Беларусі. Сёння Каталіцкі Касцёл з’яўляецца рэгулярным удзельнікам мерапрыемстваў, якія праводзяцца мусульманскай супольнасцю на тэрыторыі Беларусі. Частымі гасцямі каталіцкіх парафій становяцца імамы мячэцяў у Беларусі, студэнты з мусульманскіх краін, якія праяўляюць цікавасць да гісторыі і традыцый Касцёла.
Супрацоўніцтва паміж каталіцкай і мусульманскай канфесіямі адбываецца і ў межах шэрагу праектаў.
Між іншым, вядучыя канфесіі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі маштабнага праекта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта «Дыялог культур і рэлігій», скіраванага на падтрыманне шматвяковых традыцый талерантнасці ў Беларусі. У межах праекта прадстаўнікі Касцёла і мусульманскай супольнасці разам неаднаразова бралі ўдзел у канферэнцыях, круглых сталах, экскурсіях, памятных мерапрыемствах, наведвалі вядучую ВНУ краіны.