9 і 10 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях праходзілі традыцыйныя ўрачыстасці. Сёлета іх дэвізам сталі словы «З Марыяй да супакою і еднасці».
Як і кожны год, невялікая вёска ў Радунскім дэканаце, што непадалёк ад Ліды, напоўнілася шматлікімі пілігрымамі рознага ўзросту, з розных мясцін Гродзенскай дыяцэзіі і іншых месцаў Беларусі. Пілігрымы прыбылі пешкі, на роварах, аўтамабілях або арганізаванымі групамі на аўтобусах да цудадзейнага абраза Марыі з Езусам на руках і святым каралевічам Казімірам, які кленчыць побач.
Сёлета пілігрымы ў дыяцэзіяльным санктуарыі асаблівым чынам маліліся аб міры ва ўсім свеце, найперш у тых краінах, дзе адбываюцца канфлікты і ідуць войны.
У сваіх малітвах пілігрымы таксама прасілі адзінства ў сем’ях, у грамадстве і паміж народамі.
У суботу на трасе Ліда – Тракелі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прывітаў пешых пілігрымаў, якія ішлі да Маці Божай на Тракельскі фэст. Іерарх падзякаваў пілігрымам за іх цудоўнае сведчанне веры, якое яны даюць сучаснаму свету.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, згодна з дэвізам сёлетніх урачыстасцяў «З Марыяй да супакою і еднасці» заахвоціў пілігрымаў, каб у санктуарыі яны, стоячы на каленях, прасілі аб міры для ўсяго свету і аб дары доўгачаканага адзінства ў кожнай сям’і, доме, грамадстве, краіне і паміж народамі.
Таксама біскуп удзяліў ім пастырскае благаслаўленне.
Сустракаў пілігрымаў кусташ Тракельскага санктуарыя ксёндз канонік Юрый Бяганскі. За мінулы год намаганнямі тутэйшых парафіянаў і пры ўдзеле людзей добрай волі змяніўся выгляд санктуарыя.
Сёння тут знаходзіцца не толькі цудадзейны абраз Маці Божай, але і прыгожы парк, дзе можна адпачыць і задумацца над сэнсам жыцця.
Першай цэлебрацыяй сёлетняга фэсту стала святая Імша для ўдзельнікаў малітоўных груп, падчас якой арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч пасвяціў новы палявы алтар.
Увечары таго ж дня біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях цэлебрацыю святой Імшы для пілігрымаў. На пачатку Эўхарыстыі, у якой удзельнічалі шматлікія пілігрымы з розных частак нашай дыяцэзіі, краіны і з-за мяжы, іерарх прадставіў інтэнцыі малітвы. Ён падкрэсліў, што ў гэтым месцы, вядомым асаблівымі ласкамі, належыць звяртацца да Марыі з усімі сваімі патрэбамі, а Яна, як кожная добрая маці, выслухае сваіх дзяцей.
Біскуп заахвоціў да малітвы ў інтэнцыі ўсяго Каталіцкага Касцёла, каб той мог цешыцца свабодай, заклікаў агарнуць малітвамі асабліва маладыя сем’і і тыя, якія перажываюць разнастайныя драмы і крызісы.
Таксама ён папрасіў усіх прысутных падтрымаць малітвай дзяцей і моладзь, каб яны былі годнай будучыняй нашага народу і Касцёла і будавалі сваё жыццё на трывалым фундаменце. Акрамя таго, біскуп Яшэўскі, адказны ў беларускім епіскапаце за фармацыю семiнарыстаў i святароў, заахвоціў да малітвы ў інтэнцыі новых пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця.
Гамілію прамовіў біскуп Юрый Касабуцкі. Ён адзначыў, што наш народ, у які ўваходзяць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, здольны жыць у міры, а доказам гэтага з’яўляецца тое, што ў ім няма канфліктаў на рэлігійнай глебе.
Таму іерарх заахвоціў цаніць мір і старацца захоўваць яго. Ён заклікаў таксама да малітвы аб міры ў сям’і, краіне і свеце кожны дзень.
«Мір у свеце будуецца на падставе міру ў нашых сем’ях», — дадаў біскуп Касабуцкі.
Іерарх звярнуў увагу, што мір на месцах нашай працы і вучобы будзе залежаць ад таго, ці будзе такі мір у нашых дамах і сем’ях. Біскуп пажадаў усім быць вестунамі і будаўнікамі міру ў сваім асяроддзі, доме, сям’і.
Апоўначы ў санктуарыі адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Літургія традыцыйна пачалася працэсіяй са свечкамі па Тракелях, у якой неслі копію абраза Маці Божай. Працэсію суправаджаў аркестр, які выконваў песні ў гонар Панны Марыі.
На Імшы сабралося шмат вернікаў з усёй Беларусі і з-за мяжы, якія прыбылі пакланіцца Маці Божай і прадставіць Ёй свае просьбы. У літургіі ўдзельнічалі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі i Аляксандр Яшэўскі SDB.
Вітаючы прысутных, біскуп Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў, што ў тракельскім санктуарыі кожны пілігрым адчувае сябе бяспечна, бо агорнуты мацярынскім плашчом Марыі.
«У гэтым месцы мы адчуваем вялікі спакой сэрца, а наш шматлікі малітоўны сход дазваляе нам спазнаць незвычайнае адзінства», — дадаў біскуп Кашкевіч.
Арцыбіскуп Станеўскі ў гаміліі казаў пра тое, што «быць сабой і пазнаць сябе дапамагае малітва: шчырая і дабравольная, асабістая». Іерарх адзначыў, што кожны чалавек у глыбіні душы моцна прагне спакою.
«Божы дар спакою прыходзіць да нас найперш праз нашы сэрцы. Менавіта сэрца акрэслівае стаўленне чалавека да Бога і да іншых людзей, — звярнуў увагу арцыбіскуп. — Няма спакою для заблукалага сэрца, калі не адбудзецца яго перамена, або навяртанне да Бога. Калі не будзе сапраўднай перамены сэрца, унутраны спакой заўсёды будзе кароткачасовым».
Арцыпастыр пажадаў, каб у Тракельскім санктуарыі няспынна ўзносіліся малітвы аб супакоі, справядлівасці і прабачэнні, каб Маці Божая выпрасіла ў свайго Сына Езуса «сапраўдны спакой для нашых сэрцаў, нашых сем’яў, грамадстваў, народаў і для ўсяго свету» і каб «перад тронам Маці Тракельскай адкрываліся людскія сэрцы і іх магла напоўніць жыватворчая моц Бога».
Нядзеля, другі дзень дыяцэзіяльных урачыстасцяў у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях, пачаўся з аднаўлення сужэнскіх абяцанняў. Свае абяцанні аднавілі больш за 50 пар. Як маладыя пары, так і тыя, якія разам ужо некалькі дзясяткаў гадоў, сабраліся, каб зноў прынесці прысягу любові, вернасці, узаемнай павагі і жыцця разам да смерці ў згодзе i еднасці. Цырымонію ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. На заканчэнне кусташ санктуарыя ксёндз канонік Юрый Бяганскі запрасіў сужэнцаў да супольнага танцу.
Аднаўленне сужэнскіх абяцанняў у тракельскім санктуарыі стала традыцыяй, бо дзе, як не ў гэтым месцы, у якім асаблівым чынам моляцца за сем’і, сужэнцы маюць магчымасць адрадзіць свае адносіны і ўдасканальвацца ў любові.
Адпустовыя ўрачыстасці Маці Божай Каралевы нашых сем’яў завяршыліся святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У Эўхарыстыі ўдзельнічалі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
Як падкрэсліў, вітаючы ўдзельнікаў, біскуп Аляксандр Кашкевіч, тракельскі санктуарый з’яўляецца месцам, дзе кожны пілігрым павінен усвядоміць, што Марыя — наша Настаўніца ў будаўніцтве адзінства і міру ў сем’ях, сярод суседзяў, на працы і вучобе.
«Марыя, Маці людзей, добра ведае патрэбы і жаданні чалавецтва. Ёй вядомыя ўсе нашы чалавечыя цярпенні і надзеі. Яна адчувае па-мацярынску ўсе змаганні паміж дабром і злом, святлом і цемрай», — дадаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне прывітаў таксама прысутных прадстаўнікоў раённых уладаў: старшыню Воранаўскага райвыканкама Дзмітрыя Захарчукa i старшыню Лідскага райвыканкама Сяргея Ложачніка.
Гамілію прамовіў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які закрануў актуальную тэму захавання міру. Ён адзначыў, што праблема міру існуе ад пачатку стварэння і пачалася ад забойства Каінам свайго брата Абэля.
Па словах арцыбіскупа, нягледзячы на шматлікія намаганні ў справе ўсталявання міру, «яго як не было, так і няма: працягваецца грамадска-палітычны крызіс у нашай краіне, у выніку якога грамадства падзялілася; падзеі ва Украіне і рост напружанасці ў свеце нагадваюць аб тым, што вайна ўсё мацней грукае ў нашыя дзверы».
Іерарх дадаў, што намаганняў міжнародных і грамадскіх арганізацый у справе вырашэння грамадска-палітычных, міграцыйных, узброеных і іншых канфлікаў мала: неабходна Божая дапамога.
Адзначыўшы, што ў гэты дзень вернікі скіроўваюць свой позірк на Марыю — Каралеву супакою, і разважаючы на тэму міру і вайны, арцыбіскуп засяродзіў увагу на фацімскіх аб’яўленнях Марыі, якія мелі рашучы ўплыў на гісторыю Беларусі і ўсяго свету. Ён нагадаў, што ў іх Божая Маці заклікала да малітвы і перамены чалавечых сэрцаў з мэтай усталявання міру і прадухілення небяспекі атэізацыі нашай зямлі. «Марыя ў Фаціме прадказала навяртанне і мір на пэўны час. Ці мы належным чынам успрымаем Яе словы — „на пэўны час“?
Ці ў святле пагрозы трэцяй сусветнай вайны яны не з’яўляюцца перасцярогай для нас? У 1917 годзе людзі адкінулі Бога, і сталася бяда. Ці мы не паўтараем мы тое ж самае?» — прапанаваў задумацца іерарх. Гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў малітоўным зваротам да Марыі: «Каралева супакою, адведай нас і прывядзі да Езуса, каб скіраваў нашыя ногі на шлях міру».