Пошук

12.07.2022 13:24   Фота: Кс. Павел Эйсмант / Catholic.by

Падчас фэсту Маці Божай Тракельскай, Каралевы нашых сем’яў, які праходзіў у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Тракелях 9 і 10 ліпеня, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу для ўдзельнікаў малітоўных груп і падчас яе пасвяціў новы палявы алтар.

На Імшы, што адбывалася ў суботу а першай гадзіне, сабраліся ўдзельнікі апостальскага руху «Маргарытка», якія асаблівым чынам моляцца за святароў, a таксама іншых малітоўных груп і апостальскіх таварыстваў, што дзейнічаюць у Касцёле на Беларусі.

З гэтай цэлебрацыі, якую ўзначаліў заслужаны беларускі іерарх, распачалася багатая і насычаная праграма святкавання сёлетняга Тракельскага фэсту.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіўся на закліку Езуса да няспыннай малітвы. Ён зазначыў, што прыклад такой малітвы пакінуў сваім вучням сам Збаўца, а таксама нагадаў, якую важную ролю малітва мае ў жыцці паасобных вернікаў і ўсяго Касцёла. З горыччу звярнуў увагу іерарх на занядбанне малітвы, што назіраецца ў апошні час.

«На жаль, сучасны свет адчувае недахоп духоўнага кіслароду. Праз малітву трэба адкрыць доступ да яго, інакш мы задыхнемся», — перасяцярог арцыпастыр, дадаўшы, што «без малітвы немагчыма захаваць веру ў Бога».

«Супраць практыкі малітвы выступае секулярная спажывальніцкая культура, рацыяналістычныя тэндэнцыі, дух амаральнасці… Усё больш праяўляецца так званая „псіхалогія люстэрка“, калі мы бачым толькі сябе саміх, а не бліжняга і яго патрэбы. Здаецца, усё паўстала супраць малітвы, якую немагчыма вымераць ніякім паказальнікам прадукцыйнасці.

Аднак ад яе залежыць не толькі вечнае шчасце, але і духоўны клімат нашага жыцця, які праяўляецца перш за ўсё у сумленнасці, справядлівасці і любові да бліжняга», — сцвердзіў арцыбіскуп.

У Марыйным санктуарыі ў Тракелях іерарх адзначыў, што Марыя ўвайшла ў гісторыю збаўлення як жанчына малітвы, і заклікаў прадстаўнікоў малітоўных груп у час крызісу малітвы па прыкладу Маці Божай паказаць яе прыгажосць і неабходнасць.

    

Арцыбіскуп узгадаў таксама вядомага францускага фізіка і матэматыка Андрэ-Мары Ампера. «Калі пэўны чалавек убачыў яго на малітве, спытаўся: „Ці магчыма, каб такі вялікі чалавек маліўся?“ На гэта вучоны адказаў: „Я вялікі тады, калі малюся“», — прывёў павучальны прыклад арцыпастыр.

На заканчэнне гаміліі ён пажадаў удзельнікам Эўхарыстыі быць людзьмі малітвы, «каб наша краіна станавілася вялікай у вачах Бога і людзей».

Пасля гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў пасвячэнне новага палявога алтара. Ён прачытаў адпаведную малітву, акрапіў алтар асвячонай вадой, пасля чаго акадзіў яго і сабраных на Імшы вернікаў.

Пасвячаны алтар быў засцелены абрусам, на яго таксама паставілі крыж і свечкі.

Арцыбіскуп Кандрусевіч перадаў кусташу санктуарыя Маці Божай, Каралевы нашых сем’яў, ксяндзу каноніку Юрыю Бяганскаму запаленую свечку, і той запаліў ад яе свечы на алтары.

Пасля гэтага распачалася Эўхарыстычная літургія, і на новым алтары была ўпершыню складзена Найсвяцейшая Ахвяра.

Абноўлена 12.07.2022 13:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа