3 ліпеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі цэлебраваў у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі святую Імшу ў інтэнцыі пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця.
Разам з арцыпастырам маліўся Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Пакліканню былі прысвечаны літургічныя чытанні Чатырнаццатай нядзелі звычайнага перыяду, і ў прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі звярнуў увагу на евангельскі тэкст, у якім апавядаецца пра тое, як Езус выслаў абвяшчаць набліжэнне Божага Валадарства семдзесят двух вучняў.
«Ці і ты не ў ліку тых, каго Езсу кліча ісці і абвяшчаць, што наблізілася Валадарства Божае?» — прапанаваў арцыпастыр задумацца маладым людзям, якія стаяць на раздарожжы выбару жыццёвага шляху.
Між тым працягваецца ўступная кампанія ў беларускія духоўныя семінарыі ў Гродне і Пінску, дзе адбываецца прыём кандыдатаў на 2022–2023 навучальны год.