Пошук

01.07.2022 22:13   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Увечары 1 ліпеня, у першы дзень Будслаўскага фэсту, у Нацыянальным санктуарыі адбылася святая Імша для пілігрымаў, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Разам з ім маліліся біскупы Алег БуткевічЮрый Касабуцкі і Казімір Велікаселец, апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, некалькі дзясяткаў сятароў, многія з якіх прыбылі ў Будслаў у пешых і роварных пілігрымках.

Усяго сёлета на Будслаўскі фэст прыбылі па меншай меры 20 арганізаваных пілігрымак. У іх, па падліках арганізатараў, узялі ўдзел 1757 асобаў.

Біскуп Яшэўскі прыехаў на Будслаўскі фэст з Рыма, дзе на чале беларускай дэлегацыі браў удзел у Дзясятай сусветнай сустрэчы сем’яў. У прамоўленай гаміліі самы малады ў нашым мясцовым Касцёле іерарх звярнуўся перадусім да пілігрымаў, большасць з якіх складаюць маладыя людзі.

«Кожны год на пачатку ліпеня з усіх куткоў нашай краіны — з вялікіх гарадоў і маленькіх вёсак, а таксама з-за мяжы — у Будслаў прыбываюць пілігрымы, каб пакланіцца Маці Божай Будслаўскай і ўшанаваць Яе — Апякунку Беларусі, якую наш народ спрадвеку праслаўляў у гэтым цудадзейным абразе.

Маці Божая ў Будславе пяшчотна назірае за нашымі недахопамі і непрыемнасцямі, і з такой жа далікатнасцю заступаецца за нас перад сваім Боскім Сынам Езусам Хрыстом. Бо Яна — наша сапраўдная Маці, а маці не можа не клапаціцца пра дабро сваіх дзяцей з далікатнасцю і прастатой. Мудрасць дзяцей заключаецца ў даверы сваёй Маці, у паслухмянасці і ў веры, што Яна сапраўды клапоціцца пра нас», — адзначыў біскуп, дадаўшы, што Марыя пастаянна нагадвае нам: „Зрабіце ўсё, што вам скажа Мой Сын“ (Ян 2,5).

Гэтае заахвочванне гучыць праз стагоддзі і праз пакаленні, а мы да гэтага часу як бы грэбуем ім у сваім жыцці.

У нашай краіне практыкуецца вялікая пашана да Маці Божай, а разам з тым у нас назіраецца столькі няверы, абыякавасці да чужых патрэб, столькі крывадушнасці, эгаізму, нараканняў, несправядлівасці», — з горыччу канстатаваў іерарх.

Лекам ад гэтых духоўных хваробаў, на думку пастыра, з’яўляецца мудрасць і мацярынская дабрыня сэрца Маці Божай, якія могуць многаму навучыць нас.

«Яе падпарадкаванне Божай волі, Яе клопат і здольнасць бачыць чалавечую беднасць і няшчасце застаюцца нязменнымі і найлепшым сведчаннем цалкавітага даверу Богу ў нашым штодзённым, грамадскім, сямейным і касцёльным жыцці. Марыя заўсёды прысутнічае сярод сваіх дзяцей і клапоціцца пра іх дабро, Яна хоча адкрыць нашыя вочы і нашыя сэрцы, каб, выконваючы тое, што сказаў нам Яе Сын, мы змаглі знайсці правільны шлях у нашай штодзённасці», — заўважыў біскуп Яшэўскі.

Ён нагадаў, што сёлетнія ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай праходзяць пад дэвізам «Каралева супакою, маліся за нас».

«Сёння мы святкуем урачыстасць Маці Божай Будслаўскай і просім Яе, Каралеву супакою, каб Яна малілася за нас і за ўвесь свет, за мір у нашым жыцці, у нашых сем’ях, нашых супольнасцях, нашым народзе і ва ўсім свеце, дзе так шмат гвалту, тэрарызму, варожасці, войнаў і канфліктаў. Нам трэба маліцца аб супакоі. Касцёл змагаецца за мір праз малітву, якая адкрывае сэрцы не толькі на глыбокія адносіны з Богам, але і на дыялог з іншымі людзьмі, напоўнены павагай, разуменнем, пашанай і любоўю. Малітва выхоўвае ў нас упэўненасць і адвагу для таго, каб быць міратворцамі, жыць благаслаўленнем Езуса: „Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названы сынамі Божымі“ ( 5, 9)», — нагадаў біскуп Яшэўскі словы Езуса з нагорнага казання.

«Тут, у гэтай святыні Маці Божай — Апякункі Беларусі, я заклікаю вас і ўсіх жыхароў нашай Айчыны ўсвядоміць, што спрыянне міру з’яўляецца неад’емнай часткай місіі Касцёла, які працягвае справу Хрыстовага адкуплення на зямлі. Сапраўды, Касцёл з’яўляецца ў Хрысце знакам і прыладай супакою ў свеце і для свету. Спрыянне міру з’яўляецца праяваю нашай хрысціянскай веры ў любоў Бога да кожнага чалавека. <…>

Гэта наша місія як вучняў Езуса. Гэта місія кожнай каталіцкай парафіі і кожнага хрысціяніна. І мы просім Марыю, Каралеву супакою, дапамагчы нам жыць гэтай місіяй, якую даверыў нам Яе Сын, Езус Хрыстус», — сказаў на заканчэнне гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі.

 

Абноўлена 01.07.2022 22:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа