30 чэрвеня, ва ўспамін святых Першамучанікаў Рымскага Касцёла, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі цэлебраваў святую Імшу ў ватыканскай базыліцы святога Пятра на алтары, пад якім спачываюць рэліквіі святога Яна Паўла ІІ.
Іерарх з Беларусі знаходзіўся ў гэтыя дні ў Рыме з нагоды благаслаўлення палія Мітрапаліта, які ён атрымаў ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла з Рук Папы Францішка.
Эўхарыстыя на месцы пахавання вялікага Папы славяніна цэлебруецца кожны чацверг. На пачатку Імшы арцыбіскуп Станеўскі прыгадаў словы святога Яна Паўла ІІ, якія часта гучалі з ягоных вуснаў. Гэтымі словамі арцыпастыр заахвоціў прысутных да малітвы: «Не бойцеся, выплывіце на глыбіню сваёй веры! Адчыніце дзверы Хрысту! Totus tuus, Maria — Увесь Твой, Марыя!»
Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт ахвяраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі супакою, дабрабыту і вернасці хрысціянскім традыцыям народа нашай Бацькаўшчыны Беларусі.
Напрыканцы цэлебрацыі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі распавёў пра Будслаўскі фэст і запрасіў усіх прысутных у Будслаў.