Пошук

29.06.2022 20:22   Фота: Кс. Дзмітрый Дубовік / Catholic.by

Сёлета ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай у Нацыянальным санктуарыі пройдуць 1 і 2 ліпеня. Пра асаблівасці сёлетняга фэсту распавёў Catholic.by яго галоўны арганізатар, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік.

Перш за ўсё святар адзначыў, што ў праграме фэсту ў параўнанні з першапачатковым варыянтам адбыліся нязначныя змены, на якія варта звярнуць увагу тым, хто збіраецца сёлета на ўрачыстасці ў Будслаў. Час галоўных цэлебрацый не змяніўся.

Тым, хто збіраецца на свята на ўласным аўтатранспарце, трэба ведаць, што машыну давядзецца пакінуць на паркоўцы і да Будслава ісці пешкі. З боку Крывічоў паркінг арганізуецца ў вёсцы Палессе, з боку Даўгінава — у вёсцы Курчына.

Як адзначыў ксёндз Дубовік, калі ў мінулым годзе пасля пажару цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай быў змешчаны на палявым алтары на вуліцы, то сёлета ён будзе на сваім звычайным месцы ў галоўным алтары базылікі. Да яго можна будзе падысці, уваходзячы праз правыя дзверы касцёла і правую наву. Выхад ад алтара адбываецца праз левую наву і левыя дзверы.

Паколькі доступ у цэнтральную частку будслаўскай базылікі ў сувязі з рамонтнымі працамі пасля пажару застаецца закрытым, няма магчымасці праходзіць да абраза на каленях.

Ісці па касцёле можна толькі ў адным кірунку справа налева, або супраць гадзіннікавай стрэлкі.

На выхадзе будуць размешчаны скрынкі для інтэнцый. Пробашч будслаўскай парафіі просіць усіх ахвотных загадзя напісаць малітоўныя інтэнцыі, каб у Будславе іх проста пакласці ў адпаведную скрыню, не затрымліваючы руху пілігрымаў.

Магчымасць памаліцца перад абразом у касцёле будзе на працягу ўсяго фэсту, у тым ліку і ўначы.

Аднак катэгарычна забараняецца размяшчаць на падлозе ў святыні рэчы, раскладаць дыванкі і займаць праходы.

Доступ за алтар і ў стары касцёл цалкам закрыты.

Фота Віктара Ведзеня

Асвячоную ваду падчас фэсту ў Будславе можна будзе набраць у свой посуд за студняй з левага боку ад касцёла. Там, дзе звычайна размяшчалася вада, сёлета будзе знаходзіцца сакрыстыя для святароў.

Споведзь падчас фэсту будзе адбывацца як звычайна, у закрытых ад камароў намётах за плябаніяй.

Збор ахвяраванняў на патрэбы рамонту будзе весціся перад касцёлам у спецыяльна арганізаваных пунктах.

За ахвяраванні ад 20 рублёў і вышэй можна будзе атрымаць адмысловы сувенір з кавалачкам дрэва крокваў будслаўскай базылікі, пашкоджаных леташнім пажарам.

 

Абноўлена 01.07.2022 12:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа