26 чэрвеня Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч наведаў Гродна. Прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне ўзначаліў цэлебрацыю нядзельнай святой Імшы ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, на Эўхарыстыі сабралося духавенства, асобы кансэкраванага жыцця і шматлікія вернікі з парафій горада на Нёмане.
Пасля ўрачыстага ўваходу ў святыню Апостальскага нунцыя прывіталі наймалодшыя вернікі, а таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі адзначыў, што прысутнасць прадстаўніка Папы Францішка ў катэдры з’яўляецца бачным знакам духоўнай блізкасці з Пантыфікам, яго айцоўскай любові і клопату пра мясцовы Касцёл.
Арцыбіскуп Ёзіч упершыню ўзначаліў Імшу ў старадаўняй гродзенскай катэдры, цэлебруючы яе ў інтэнцыях усіх прысутных, аб новых пакліканнях, за святароў, моладзь, пажылых людзей і ўсіх вернікаў дыяцэзіі.
Разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, іерарх адзначыў у гаміліі, што «Бог запрашае нас і пасылае служыць іншым дзеля іх збаўлення», і «калі Бог запрашае, наш адказ не можа быць адкладзены, таму што гэта прароцкая місія».
Арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што цэнтральнай тэмай Божага слова ў гэтую нядзелю з’яўляецца пакліканне: гаворка ідзе «аб асноўным пакліканні, якое рэалізуецца сярод хрысціянаў у Касцёле».
«У Касцёле мы пакліканы не быць там пасіўна, але выконваць у ім сваё асабістае і супольнае пакліканне, — дадаў іерарх. — Па сутнасці, мы пакліканы да святасці: хрысціяне святыя па пакліканні».
«Дзякуючы Марыі, ваш народ багаты пакліканнем і традыцыямі, — падкрэсліў арцыбіскуп. — Плёнам вашай веры з’яўляецца таксама гэты цудоўны касцёл, пабудаваны ў стылі барока трыста пяцьдзясят гадоў таму і прысвечаны святому Францішку Ксавэрыю, іспанскаму езуіту і місіянеру, пачынальніку распаўсюджвання хрысціянства ў Азіі».
Нунцый нагадаў словы Папы Францішка з паслання на сёлетні Сусветны дзень місій, што «Езус пасылае вучняў у свет не толькі для таго, каб выконваць місію, але таксама і перадусім для таго, каб жыць даручанай ім місіяй», а сутнасць місіі «заключаецца ў сведчанні аб Хрысце, Яго жыцці, муках, смерці і ўваскрасенні з любові да Айца і чалавецтва».
Прадстаўнік Святога Айца заахвоціў зноў адкрыць для сябе скарбы сваёй місійнай дзейнасці, «адважна працягваць яе, кожны на сваім месцы ў жыцці, і дазволіць Богу прамаўляць праз нашыя целы і нашыя вусны».
«Наша сапраўдная евангельская місія нават у гэтыя цяжкія часы — часы канфліктаў, войнаў і вялікай варожасці ў блізкім нам свеце, — безумоўна, прынясе новыя духоўныя пакліканні і абвесціць новых прарокаў дваццаць першага стагоддзя. Мы павінны быць місіянерамі міру!» — дадаў іерарх.
На заканчэнне Імшы пробашч катэдральнай парафіі ксёндз канонік Ян Кучынскі выказаў удзячнасць нунцыю за прыбыццё ў Гродна і цэлебрацыю літургіі. На знак удзячнасці ад вернікаў ён перадаў у дар арцыбіскупу копію абраза Маці Божай Кангрэгацкай, якую называюць таксама Студэнцкай. Арыгінал абраза ўшаноўваецца ў гродзенскай катэдры.
На развітанне прадстаўнік Папы заклікаў усіх прысутных і тых, хто духоўна далучыўся да малітвы праз сродкі масавай камунікацыі, заставацца вернымі хрысціянскім традыцыям, якія дапамаглі ім захаваць веру ў Хрыста.
«Будзьце заўсёды добрымі місіянерамі ў сваіх добрых учынках! Будзьце місіянерамі міру!» — падсумаваў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч.