Пошук

24.06.2022 13:10   Catholic.by

Форум адбыўся з 16 па 21 чэрвеня ў генеральным Доме сясцёр назарэтанак у Рыме і быў прысвечаны сінадальнаму шляху які адбываецца ў Касцёле. Тэма з’езду — «Назарэтанкі і Асацыяцыя Святой Сям’і на сінадальным шляху Касцёла са Святой Сям’ёй».

На сустрэчу сабраліся прадстаўнікі Асацыяцый з Польшчы, Францыі, Беларусі, Філіпінаў, Аўстраліі і ЗША. Упершыню дэлегацыі складаліся не толькі з сясцёр назарэтанак, але і свецкіх членаў Асацыяцыі сем’яў. У мерапрыемстве актыўны ўдзел брала таксама генеральная настаяцельніца сясцёр назарэтанак Анджэла Марыя Мадзэо, дырэктарка сусветнай Асацыяцыі сем’яў Сперанца Гжэбелец і прадстаўніцы генеральнай Рады Кангрэгацыі.

Айцец Джэймс Грумэр SІ з Папскага Грыгарыянскага універсітэту правёў для прысутных аднадзённы інтэнсіўны курс распазнавання. Гэты метад выкарыстоўваецца езуітамі пры прыняцці рашэнняў у Ордэне. Члены Асацыяцыі вучыліся практыцы распазнавання і прымання рашэнняў у супольнасцях.

Прадстаўнікі распавялі пра дзейнасць сваіх Асацыяцый, поспехі і сучасныя выклікі.

Супольнасць з Польшчы прэзентавала новы васьмігадовы план фармацыі, які складаецца з 80-ці сустрэч. У супрацы з біблістамі, тэолагамі, сем’ямі-членамі Асацыяцыі і сёстрамі назарэтанкамі аўтары падрыхтавалі працоўныя матэрыялы для арганізатараў сямейных сустрэч.

Беларускую Асацыяцыю Святой Сям’і прадстаўлялі сястра-дырэктарка Марыяна Алешчык CSFN і сям’я Арцёма і Марты Ткачук. «Сустрэча была вельмі інтэнсіўнай і сапраўды працоўнай. Кожны дзень мы пачыналі св. Імшой у 7.30 і заканчвалі анімацыяй у 20.30. Неверагодны тэмп, шмат зместу, канкрэтыкі, вопыту іншых Асацыяцый у арганізацыі сустрэч для сем’яў, — распавёў Арцём Ткачук. —

Мы зразумелі, што развіццё беларускай супольнасці ідзе ў правільным кірунку. Неабходна якасная праца, запрашэнне і адкрыванне супольнасці для новых членаў. І, канечне, праца са свецкімі лідэрамі, абапіранне працы на іх энтузіязм».

«Мы вяртаемся ў Беларусь з вялікім аб’ёмам матэрыялаў. Прадстаўлены фармацыйны матэрыял складаецца з некалькі соцень старонак якасна апрацаванага зместу. Канечне, гэта дапаможа нам арганізоўваць сустрэчы, шукаць тэксты і новыя фокусы, — падзялілся сястра Марыяна Алешчык CSFN, дырэктарка беларускай Асацыяцыі Святой Сям’і. —

Кангрэгацыя заахвочвае да больш сціслага супрацоўніцтва з сем’ямі, прыярытызацыі Асацыяцыі ў нашых душпастырскіх планах. Прадстаўнікі ЗША і Аўстраліі распавялі, што іх супольнасці старэюць і яны шукаюць шляхі запрашэння маладых сужэнстваў. Гэта вялікі выклік.

Таму мы разумеем, як важна працаваць з сем’ямі якія ўжо ёсць з намі, але разам з гэтым не губляць з фокуса маладыя сужэнствы. Шмат працы перад намі, шмат выклікаў. Спадзяемся на Бога і працягваем працаваць», — дадала сястра.

Асацыяцыя Святой Сям’і з Назарэта з’яўляецца супольнасцю сем’яў пры Кангрэгацыі сясцёр Назарэтанак. У Беларусі сустрэчы сужэнстваў адбываюцца штомесяц у Гродне, Мінску, Лідзе, Глыбокім, Смаргоні, Івянцы і Маладзечна. Падчас сустрэч адбываецца святая Імша, разважанне над Словам, дзяленне і размова сужонкаў. Да беларускай Асацыяцыі належыць 25 асоб і яшчэ некалькі соцень чалавек удзельнічаюць у сустрэчах.

Ахвотныя далучыцца да сустрэч ці арганізаваць сямейную супольнасць пры парафіі могуць атрымаць неабходную інфармацыю:

сястра Марыяна Алешчык CSFN

  • +375 (44) 755 65 16
  • https://www.facebook.com/marianna.aleszczyk
  • Старонка Асацыяцыі ў Беларусі — instagram.com/nazaret_semja
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа