22 чэрвеня, у 81-ю гадавіну пачатку Вялікай айчыннай вайны, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў касцёл святога Сымона і святой Алены ў Мінску, дзе памаліўся за ўсіх палеглых.
Адмысловае набажэнства ў дзень пачатку Вялікай айчыннай вайны адбылося па просьбе дзяржаўных уладаў.
Апоўдні арцыбіскуп Станеўскі ў суправаджэнні пробашча сталічнай парафіі святога Сымона і святой Алены ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка скіраваўся да Звана Нагасакі, усталяванага на прыкасцёльным цвінтары, і ўласнаручна ўдарыў антываенны набат супраць усіх войнаў, што і сёння раздзіраюць чалавецтва.
У Чырвоным касцёле іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі міру і за ўсіх ахвяраў войнаў. Сваю гамілію арцыбіскуп Станеўскі распачаў вершам беларускага паэта Пімена Панчанкі «Калі пачалася вайна…»
«Сёння ўспамінаем жудасць вайны, знішчэнні і перадусім смерць нявінных, загінулых і параненых. Успамінаем пра боль, а марым і думаем аб міры. Мір — гэта аб’ект самых глыбокіх жаданняў кожнага чалавека», — адзначыў іерарх. Ён дадаў, што «чым больш чалавек усведамляе небяспеку, якая пагражае міру, тым больш ён прагне спакою, гэта значыць хоча не толькі жыцця, вольнага ад войнаў і канфліктаў, але і паўнавартаснага, шчаслівага і добра рэалізаванага жыцця».
«Аднак супакой, якога прагнуць людзі, па розных прычынах далікатны і ўразлівы. У сувязі з гэтым важна ведаць, як казаў святы Папа Ян XXIII, што намаганні чалавека па захаванні міру часам бываюць недастатковымі. Таму людзі павінны разумець, што мір — гэта дар ад Бога», — сцвердзіў арцыпастыр, зазначыўшы, што гэты «Божы дар міру прыходзіць да нас найперш праз наша чалавечае сэрца».
Іерарх нагадаў вучэнне Святога Пісання, паводле якога сэрца вызначае адносіны чалавека з Богам і з іншым чалавекам.
«Гэта не толькі сімвал эмацыянальнасці, але і сумлення, перакананасці, ладу мыслення, якога прытрымліваецца чалавек. Дзякуючы сэрцу чалавек адчувальны да абсалютных каштоўнасцяў дабра, да справядлівасці, братэрства і міру. З гэтага пункту гледжання сэрца — гэта месца, дзе пануе спакой або трывога.
Няма спакою для загубленага сэрца, калі яго не перамяніць.
Калі няма сапраўднай перамены сэрца, унутраны спакой заўсёды будзе нядоўгім», — падкрэсліў арцыпастыр.