Сямейны квэст «У пошуках скарбаў ксяндзоў Радзівілаў», які стаў кульмінацыйным момантам сустрэчы сем'яў руху «Equipes Notre-Dame» 18 чэрвеня ў Новым Свержані, сабраў ля прастораў Нёмана 23 сям'і.
Летняя сустрэча сем'яў распачалася са святой Імшы ў новасвержанскай парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў больш за 400-гадовай святыні, якая паўстала ў знакамітым для беларусаў 1588-ым — годзе прыняцця Трэцяга Статута Вялікага Княства Літоўскага.
Як падзялілася Аліна Угорыч разам з мужам Максімам, якія былі тыдзень таму прызначаны адказнай парай за рух Equipes Notre-Dame на Беларусі, спачатку на мерапрыемства было зарэгістравана толькі шэсць сем'яў, а на сустрэчу прыехала больш за дваццаць. «Аж 84 асобы!» — з радасцю адзначыла Аліна.
Святую Імшу для ўдзельнікаў узначаліў кс. Андрэй Сіповіч, пробашч з парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Кальварыі) у Мінску і духоўны дарадчык руху «Equipes Notre-Dame».
Пасля Імшы былі прадстаўлены новыя пары, якія будуць выконваць пэўныя абавязкі ў руху.
Адказнымі за правядзенне рэкалекцый для дзяцей былі прызначаны Валерый і Алена Шымак з Мінска. Інфармацыйныя пары: Аляксандр і Алена Лапкоўскія з Баранавіч, Ілля і Алена Кіевіч з Ганцавіч і Мікалай і Таццяна Меляшкевіч з Негарэлага, Віктар і Іна Ігнаценкавыя.
Абавязкі пілатуючых параў будуць выконваць сям'я Уладзіміра і Валянціны Паплёўка з Лагойска і Андрэя і Людмілы Шкраба з Нясвіжа. Таксама ў руху вылучылі чатыры сувязныя пары, якімі будуць Андрэй і Ганна Зубікі з Баранавіч, Дзмітрый і Ганна Варвашэвіч, Арцём і Жанна Казакевіч з Лагойска, а таксама Павел і Людміла Чаган з Мінска. Франц і Алена Доўнар з Негарэлага будуць выконваць абавязкі казначэяў.
Сямейны рух «Equipes Notre — Dame» (супольнасць Маці Божай), які ўзнік у Беларусі ў 2004 годзе, пашыраецца, прытым заўважна, што да руху далучаюцца маладыя сем'і.
Адной з прыкмет таго, што рух актыўна ўваходзіць у каталіцкае жыццё Беларусі з'яўляецца і арганізацыя пілігрымкі сем'яў да Маці Божай Будслаўскай. У мінулым годзе такая пілігрымка была зладжана ўпершыню, але ўжо стала шматлікай і папулярнай. У гэтым годзе плануецца таксама пілігрымка сем'яў, да якой у руху ўжо вядзецца падрыхтоўка.
Пра падрабязнасці ўдзелу ў ёй тут»».
Паступова сямейны рух пашырае сваю геаграфію распаўсюджвання. Сем'і-ўдзельнікі руху ёсць у Мінску, Баранавічах, Ганцавічах, Геранёнах, Лагойску, Негарэлым, Новай Мышы, Нясвіжы, Салігорску і Суботніках.
Сямейныя пары, якія далучыліся да руху, падтрымліваюць святары, якія працуюць на парафіях. Напрыклад, на пікнік-квэст ў Новым Свержані, некаторыя з іх таксама прыехалі, каб разам маліцца і актыўна бавіць час.
Напрыклад, айцец Алег Шпець TCHr і на гітары паграў, і ў футбол пабегаў, і ў квэсце быў заўзятым праходцам.
Занятыя былі ўсе: ад самых малодшых да старэйшых. Хтосьці паспеў палюбавацца і краявідамі Нёмана, і свежым сенакосам, і першыя чарніцы ў сасновым лесе пазбіраць.
Кульмінацыйным момантам, якога ўсе чакалі, апрача смажаных кілбасак і шашлыкоў, быў квэст, дзе трэба было знайсці запаветны «скарб ксяндзоў Радзівілаў». Так, ксяндзоў, бо сярод вядомых князёў сапраўды былі і святары.
Дзве каманды, на якія былі падзеленыя прысутныя, змагаліся разам за першынство, але перамаглі разам.
Трэба было спаборнічаць не толькі разлічваючы на фізічны спрыт, але і кемлівасць, і веды і мудрасць, без якіх не абысціся хрысціяніну, які жадае служыць Хрысту.
У квэсце жадалі ўдзельнічаць усе, але, хто не патрапіў у каманду, то заўзята мог яе падтрымліваць.
Скарб Радзівілаў быў знойдзены ў маладым сасонніку і справядліва раздзелены паміж удзельнікамі ад мала да вяліка, нават без абкладання падаткамі.
Арганізатары сустрэчы запрашаюць далучацца да ініцыятыў руху, якія паказваюць прыгажосць прабывання разам беларускіх сем'яў, што імкнуцца выхоўваць сваіх дзяцей у Любові і самім удасканальвацца ў хрысціянскім духу адзінства.
Аксана Ючкавіч