Пошук

31.05.2022 17:26   Тэкст: Канстанцін Каральчук / Фота: Ніна Бабіч / Catholic.by

28 мая ў араторыі пры парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах, што пад Мінскам, дзе нясуць служэнне святары з салезіянскага таварыства, адбылася інтэграцыйная сустрэча моладзі на заканчэнне навучальнага і катэхетычнага года.

У сустрэчы бралі ўдзел юнакі і дзяўчаты з розных парафій Мiнска i наваколля — усяго каля 60-і асоб сабраліся разам у гэты майскі вечар.

Яны маліліся, танцавалі, усміхаліся, знаёміліся, размаўлялі, а таксама шукалі Абраз Маці Божай Карміцелькі.

Сустрэча распачалася ў бараўлянскай капліцы Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў, дзе моладзь супольна памалілася Нешпары, якія правеў малады святар айцец Ігнат Падарэцкі OCD. Наступным пунктам праграмы сталi новыя знаёмствы, танцы і актыўныя гульні на тэрыторыі каля араторыя, а таксама ў спартовай зале. Іх для моладзі падрыхтавала салезіянская супольнасць.

Пасля актыўных гульняў моладзь падсілкавалася кілбаскамі, агароднінай і салодкімі прысмакамі. Пачастунак для сваіх аднагодкаў прыгатавалі хлопцы і дзяўчаты з моладзевай супольнасці мінскай архікатэдральнай парафіі.

Следам за смачным перакусам адбыўся квэст па адшуканню абраза Маці Божай, які разам з моладдзю падрыхтаваў малады салезіянскі святар ксёндз Артур Ляшнеўскi SDB.

На пачатку квэсту ксёндз Артур распавеў пра гісторыю і лёс цудадзейнага абраза Маці Божай Карміцелькі з парафіі святога Мацвея ў Аколіцах.

Менавіта там першапачаткова планавалася правесці гэтую сустрэчу моладзі, але з-за надвор’я яна была перанесена ў Бараўляны. Пасля моладзь падзялілася на групы і адправілася на пошукi цудадзейнага абраза.

Падчас квэсту хлопцам і дзяўчатам патрэбна было прайсці чатыры этапы выпрабаванняў, пасля кожнага з якіх яны атрымлівалі пэўную падказку. У рэшце рэшт, усе каманды сустрэліся ў адным месцы, дзе і адшукалі абраз Маці Божай Карміцелькі.

З гэтага месца невялічкай працэсіяй юнакі і дзяўчаты перенеслі абраз у капліцу, дзе ушанавалі яго, падзякавалі і ў малітве аддалі саміх сябе, любую Беларусь і ўвесь свет у абдымкі Маці Божай.

Апошняй падзеяй сустрэчы стаў супольны фотаздымак на ганку араторыя. Цяпер моладзь чакаюць icпыты, экзамены i залiкі, а такi плённы час, праведзены разам, падараваў ім сiлы рухацца наперад i пакiнуў цёплыя ўспамiны.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа