Пошук

26.05.2022 11:33   Фота: Кс. Артур Ляшнеўскі SDB, Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

З 20 па 22 мая ў парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах, што пад Мінскам, праходзіў з’езд міністрантаў з усіх парафій Беларусі, у якіх нясуць служэнне салезіяне.

У сустрэчы бралі ўдзел міністранты, лектары і кандыдаты з Мінска, Жупранаў, Смаргоні, Дзятлава і саміх Бараўлянаў, а таксама прадстаўнікі літургічнай службы алтара з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах, якія прыехалі з сястрой Марыяй Емяльянчык ОР.

Усяго на сустрэчу ў Бараўлянах сабралася 65 удзельнікаў.

20 мая міністрантаў чакала вячэра, прыгатаваная салезіянамі супрацоўнікамі з Бараўлянаў, і інтэграцыйны вечар, калі хлопцы мелі магчымасць пазнаёміцца паміж сабой, а таксама прадставіць сваю парафію. Кожная парафія падрыхтавала ў якасці прывітання сцэнку, крычалку альбо відэа. Пасля знаёмства міністранты ўзялі ўдзел у Маёвым набажэнстве, а потым разам паглядзелі фільм «Бэн-Гур», які пазней абмеркавалі. Міністрантаў у гэты дзень наведаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

Дзень 21 мая распачаўся супольнай зарадкай і быў вельмі насычаным. Міністранты і кандыдаты мелі па два блокі фармацыі. Ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB і семінарыст Міхаіл Вішнеўскі SDB правялі заняткі на тэмы: «Гісторыя табернакулюма», «Марыя ў літургіі», «Літургічныя працэсіі», «Сакрыстыя: для чаго і што там павінна быць».

Перад абедам сярод міністрантаў і кандыдатаў былі праведзены спаборніцтвы па міні-футболе. Сярод міністрантаў першае месца занялі ўдзельнікі з Баранавічаў, другое — з Мінска, трэцяе — з Жупранаў. Сярод кандыдатаў першае месца занялі хлопцы з Мінска, другое — з Жупранаў, трэцяе — са Смаргоні.

Пасля абеда ўдзельнікі сустрэчы ўзялі ўдзел у інтэлектуальных спаборніцтвах на веданне літургіі. У гэтых спаборніцтвах сярод міністрантаў першае месца заняў Антон Нарковіч (Мінск), другое — Раман Баршчэўскі (Смаргонь), трэцяе — Павел Найдзіч (Смаргонь). Сярод кандыдатаў пераможцам стаў Мацвей Венславовіч (Мінск), другое месца заняў Яраслаў (Смаргонь), трэцяе — Арцём Дарашэвіч (Мінск).

У гэты дзень хлопцы таксама ўдзельнічалі ў Эўхарыстыі і адмысловай адарацыі, падчас якой мелі магчымасць паспавядацца. Вечарам удзельнікаў чакаў вясёлы вечар, падчас якога было шмат гульняў і конкурсаў, а на заканчэнне адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў.

22 мая бараўлянская парафіяльная супольнасць Маці Божай Успамогі Хрысціянаў святкавала адпустовую ўрачыстасць. Госцем гэтай урачыстасці стаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які ўзначаліў урачыстую цэлебрацыю. Біскупа з пашанай сустрэлі каля галоўнай брамы, а потым у суправаджэнні літургічнай службы алтара іерарх у працэсіі прайшоў ад араторыя да алтара святыні.

На ўрачыстасці прысутнічалі рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, пробашч парафіі ў Бараўлянах ксёндз Казімір Шыдэлка SDB, пробашч парафіі ў Жупранах ксёндз Юзаф Занеўскі SDB і вікарый мінскай парафіі святога Яна Хрысціцеля ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB.

У прамоўленай гаміліі біскуп Касабуцкі нагадаў прысутным, што Марыя заўсёды блізкая да нас і гатовая прыйсці на дапамогу, як зрабіла гэта ў Кане Галілейскай.

Таксама іерарх падкрэсліў важную ролю міністрантаў, якія пасля святара знаходзяцца бліжэй за ўсіх да Бога ў святыні.

Падчас урачыстасці ў працэсіі з дарамі парафіяне прынеслі ў дар прыгожую чырвоную капу, а таксама фігуру святога Роха, якую на заканчэнне Імшы пасвяціў біскуп Касабуцкі, пасля чаго яна была ўсталявана ў бакавым алтары капліцы.

Такім чынам, у бараўлянская парафіі распачынаецца культ святога Роха, які лічыцца ў Касцёле апекуном цяжка хворых і заступнікам падчас эпідэмій.

У Бараўлянах размешчана шмат медыцынскіх установаў, у якіх знаходзіцца вялікая колькасць хворых, таму прысутнасць і заступніцтва гэтага святога тут асабліва патрэбна.

На заканчэнне ўрачыстасці адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол араторыя і парафіяльнай капліцы. Удзельнікі сустрэчы міністрантаў радасна заспявалі Te Deum, пасля чаго зрабілі супольны фотаздымак на памяць і адправіліся на супольны абед.

  

 

Абноўлена 26.05.2022 11:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа