20–21 мая ў Навагрудку праходзіў першы ў Беларусі Біблійны кангрэс на тэму «Сінадальнасць у Святым Пісанні».
Кангрэс урачыста адкрыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Іерарх скіраваў да ўдзельнікаў прывітальнае слова, у якім нагадаў словы святога Гераніма, што «няведання Святога Пісання — гэта няведанне Бога», і зазначыў, што шляхам хрысціяніна з’яўляецца жыццё паводле Божай волі, якая запісана ў Бібліі.
На кангрэсе з дакладамі выступілі выкладчыкі Біблійнай школы «Прафэтэс», біблісты і тэолагі з усёй Беларусі: ксёндз доктар Аляксандр Мацкевіч, ксёндз доктар Сяргей Сурыновіч, доктар Уладзіслаў Валаховіч, доктар Ірына Дубянецкая, ксёндз канонік Юрый Санько, айцец Аркадзь Куляха OCD.
У кангрэсе ўдзельнічала супольнасць Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на чале з адказнымі за фармацыю будучых святароў, а таксама выпускнікі і слухачы Біблійнай школы «Прафэтэс», святары і вернікі парафіі, госці з усёй краіны.
Кангрэс быў, між іншым, прымеркаваны да выпуску навучэнцаў Біблійнай школы «Прафэтэс», якія паўтара гады таму распачалі сваё навучанне ў Навагрудку. На заканчэнне кангрэсу 16 выпускнікоў атрымалі дыпломы з рук арцыбіскупа Станеўскага.
Варта адзначыць, што курс навучання распачалі каля 50 асоб з усіх дыяцэзій Беларусі, аднак праграму адолелі не ўсе. Навучэнцы раз на месяц прыязджалі на лекцыі, якія распачыналіся ў пятніцу, складаліся з сямі акадэмічных гадзін і завяршаліся ў нядзелю. Заняткі праводзілі біблісты, тэолагі, святары і свецкія асобы.
Курс ахопліваў знаёмства з усімі кнігамі Старога і Новага Запавету, з асновамі грэцкай і габрэйскай мовы, біблійнай герменеўтыкі, а таксама экзэгезісу Святога Пісання.
Навучанне заключалася не толькі ў набыцці новых ведаў — важнае месца ў школе было адведзена духоўнасці.
Кожны дзень цэлебравалася святая Імша, адбываліся адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, якія па ініцыятыве саміх навучэнцаў часам праводзіліся і ўначы. Па вечарах за кубкам гарбаты адбываліся таварыскія сустрэчы, на якіх навучэнцы абмяркоўвалі цікавыя актуальныя тэмы з жыцця Касцёла.
Усе лекцыі біблійнай школы запісваліся на відэа, і цяпер плануецца, што ў бліжэйшым будучым з’явіцца поўны біблійны відэакурс, які налічвае больш за сто відэалекцый.