Пошук

19.05.2022 11:02   Тэкст і фота: Кс. Юрый Ясевіч / Catholic.by

Дэканальная сустрэча духавенства Валожынскага дэканату прайшла 18 мая ў Ракаве з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага.

Арцыпастыр наведаў гістарычнае мястэчка пад Мінскам у дзень, калі 118 гадоў таму тут адбылося асвячэння вуглавога каменя пад будову новай мураванай святыні.

«18 мая 1904 года у цэнтры мястэчка Ракаў сабраўся вялікі натоўп, каля пяці ці шасці тысяч чалавек, якія жадалі прыняць удзел ва урачыстасці асвячэння фундамента, прызначанага для будаўніцтва мураванага касцёла.

На месцы, дзе нядаўна стаяў стары маленькі драўляны касцёл, быў пастаўлены крыж, упрыгожаны зелянінай. З яго двух бакоў стаялі дзве касцёльныя харугвы з чырвонага сукна з абразамі. У адной палове жылога парафіяльнага дома ад самага ранку адбывалася літургія, якую вялі мясцовыя святары і святары, якія прыбылі на урачыстасць. Ксёндз Эўстафій Карповіч, тагачасны пробашч ракаўскай парафіі, са збудаванага ўзвышэння звярнуўся да сабранага народу. У сваёй прамове ён падкрэсліў, што пасля разборкі старога драўлянага касцёла адчувае сябе асірацелым і што пажадана як найхутчэй збудаваць новы будынак святыні. Ён звярнуўся да сабраных з просьбай аб дапамозе пры будаўніцтве.

Пасля заканчэння ўрачыстасці святары разам з зямлеўладальнікамі князем Друцкім-Любецкім і Грушвіцкім хадзілі і збіралі ахвяраванні сярод прысутных на малітве», — сведчаць дакументы, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.

З таго моманту пад кіраўніцтвам віленскага архітэктара Уладзіслава Стыпулькоўскага ў Ракаве распачалося будаўніцтва новага мураванага касцёла. Якасную жоўтую цэглу для будаўніцтва святыні везлі з Літвы ў Валожын альбо Радашковічы па чыгунцы, а адтуль да Ракава падводамі. Яшчэ да сёняшняга дня жывыя апавяданні сярод мясцовых жыхароў пра тыя падзеі. Ракавяне незалежна ад веравызнання — католікі, праваслаўныя і юдэі — прымалі ўдзел у пабудове святыні. Таму, нягледзячы на розныя перашкоды, ужо праз два гады над мястэчкам узносіўся велічны будынак у модным на пераломе ХІХ і ХХ стагоддзяў нэагатычным стылі.

«Прайшло 118 гадоў з таго часу, калі будавалася гэтая прыгожая святыня. Шмат бачылі за гэты час муры Касцёла, шмат розных малітваў было ўзнесена тут у розныя перыяды гісторыі нашай краіны. Быў час, калі чалавек падняў руку на Божы дом, і месца малітвы ператварылі ў збожжасховішча і калгасныя майстэрні.

Аднак з Богам не пазмагаешся, і таму сёння святыня ў сваім прызначэнні дапамагае чалавеку ў пошуку духоўнага багацця і радуе вока прыгажосцю архітэктуры», — адзначыў на пачатку сустрэчы пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў Ракаве ксёндз канонік Дзмітрый Барыла.

Вітаючы ў мурах адроджанай святыні арцыбіскупа Станеўскага і духавенства Валожынскага дэканату, святар папрасіў арцыпастыра ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы, прамовіць на ёй Божае слова і ўдзяліць сабраным пастырскае благаслаўленне.

Пасля супольнай малітвы арцыбіскуп Станеўскі бліжэй пазнаёміўся са святарамі Валожынскага дэканату, даведаўся пра жыццё іх парафіяльных супольнасцяў і душпастырскія ініцыятывы.

Абноўлена 19.05.2022 11:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця