Майскі нумар часопіса «Ave Maria» прысвечаны найперш малітве, бо менавіта да гэтага заклікала людзей Божая Маці ў фацімскіх аб’яўленнях.
На гэта звяртае ўвагу чытачоў галоўны рэдактар выдання Крыстына Лялько, паведамляецца на сайце часопіса «Ave Maria».
«У гэты складаны час, калі наш свет „вісіць на валаску“, а людскія сэрцы поўняцца трывогаю і болем, усім нам сапраўды трэба, магчыма, як ніколі, вельмі шмат маліцца», — адзначае пісьменніца.
Пра ключавую неабходнасць малітвы ў чалавечым жыцці і стварэнне месца для яе піша айцец Юрый Кулай OCD у рубрыцы «Школа малітвы».
Прыкладам дасканалай малітвы з’яўляецца для нас Марыя. Нездарма ў сваіх шматлікіх аб’яўленнях Маці Божая заўсёды гаворыць пра важнасць шчырай малітвы. Ксёндз Андрэй Рылка ў рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» дапамагае разабрацца, паводле якіх крытэраў Касцёл прызнае сапраўднымі аб’яўленні Маці Божай, а артыкул «Чаму адбываюцца аб’яўленні Маці Божай?» раскрывае сэнс Марыйных аб’яўленняў у свеце, якія, як здаецца, адбываюцца ўсё часцей.
Ксёндз Юрый Дрозд у сваім матэрыяле распавядае пра гісторыю Марыйнага культу у Каталіцкім Касцёле. Адна з найбольш вядомых практык Марыйнага культу — набажэнства першых субот месяца, пра якое можна падрабязна даведацца ў гэтым нумары «Ave Maria».
25 сакавіка гэтага года адбылася знакавая для католікаў свету падзея: чын прысвячэння Расіі і Украіны, а таксама ўсяго свету, Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
У артыкуле «Жыць прысвячэннем Марыі» звяртаецца ўвага на духоўную важнасць гэтай падзеі.
Май, месяц Марыі — добры час, каб бліжэй пазнаёміцца з нашай Нябеснай Маці. У гэтым нумары «Ave Maria» распавядаецца пра дзесяць выяваў Маці Божай, пра якія ведае няшмат беларускіх вернікаў, і падаюцца прыгожыя выказванні святых пра Панну Марыю.
Віктар Ведзень працягвае распавядяць пра аўтамабільную пілігрымку па Беларусі з найбольш шанаванымі абразамі Маці Божай з беларускіх санктуарыяў.
Як звычайна, рэдакцыя дзеліцца з чытачамі асабістымі сведчаннямі людзей, бо без гэтага вера мёртвая. У гэтым нумары змешчана сведчанне Алены Кавалеўскай аб дзеянні Маці Божай у яе жыцці, падрыхтаванае Галінай Калевіч.