Пошук

16.05.2022 11:11   Фота: Яўгеній Лабкоўскі, Яўген Занеўскі, стоп-кадры з відэатрансляцыі / Catholic.by

13 мая у архідыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне адбылася адпустовая урачыстасць, прысвечаная 105-й гадавіне з пачатку аб’яўленняў Маці Божай у партугальскім мястэчку Фаціма.

З гэтай нагоды санктуарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі наведаў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Перад урачыстасцю ў санктуарыі Маці Божай Фацімскай заслужаны беларускі іерарх памаліўся перад фігурай Багародзіцы, усталяванай на ўездзе ў город Жодзіна.

Там арцыпастыра сустрэў кусташ жодзінскага санктуарыя ксёндз Міхал Цвячкоўскі МІС з групай мясцовых вернікаў.

Адтуль арцыбіскуп Кандрусевіч скіраваўся ў санктуарый, дзе нясуць служэнне святары з законніцкай супольнасці марыянаў, і ўзначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы, у якой узялі ўдзел шматлікія вернікі з Жодзіна, Мінска і іншых мясцін.

У прамоўленай гаміліі іерарх нагадаў словы Езуса, сказаныя Ім з дрэва Крыжа, калі Збаўца «ў асобе святога апостала Яна даў нам Марыю як нашу духоўную Маці, якая клапоціцца пра паасобных людзей, цэлыя народы і ўвесь свет».

«Двухтысячагадовая гісторыя хрысціянства ведае шмат аб’яўленняў Марыі ў розных кутках свету. Для нас выключнымі з’яўляюцца Фацімскія, бо яны адносяцца да нашай зямлі і лёсу хрысціянства на ёй», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Нагадаўшы пра страшныя гістарычныя падзеі 1917 года — Першую сусветную вайну з мільёнамі загінулых, параненых і бежанцаў, з разбуранымі гародамі, знішчанай эканомікай і маральнымі заганамі, якія хваліліся пабудовай новага свету без Бога, а таксама крывавы бальшавіцкі кастрычнікцкі пераварот у Расіі, — арцыбіскуп адзначыў, што Марыя жадала папярэдзіць людзей і паказаць шлях, каб пазбегнуць катастрофы.

«З гэтай мэтай Яна шэсць разоў з 13 мая па 13 кастрычніка 1917 года аб’яўляецца тром фацімскім пастушкам. У аб’яўленнях Маці Божая прадстаўляе візію пекла і заклікае да малітвы і навяртання. Марыя ведала, што людзі Яе не паслухаюць, і прадказала Другую сусветную вайну, ганенні на веру, замах на Святога Айца, распаўсюджванне атэізма і іншыя трагічныя падзеі мінулага стагоддзя.

Аднак яна не пакінула людзей без надзеі. Словамі „Маё Беззаганнае Сэрца затрыўмфуе“ Марыя нам яе дала. Гэтай надзеяй мы жылі доўгія дзесяцігоддзі і яна здзейснілася, калі на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя мы атрымалі свабоду веравызнання.

Пачаўся доўгі і складаны працэс адраджэння. Сёння прасля трох дзесяцігоддзяў мы дзякуем Богу і Марыі за гэты цуд, бо на нашай зямлі зноў абвяшчаецца Божае слова, цэлебруенцца Эўхарыстыя і іншыя сакрамэнты, будуюцца новыя касцёлы, адбываецца святарская і законніцкая фармацыя, здзяйсняецца дабрачыннасць, развіваюцца каталіцкія СМІ», — сцвердзіў іерарх, запрасіўшы пры гэтым вернікаў зрабіць рахунак сумлення адносна таго, ці атрыманы ад Бога дар свабоды быў выкарыстаны згодна з Яго воляй.

«Не ўсё ідзе так, як нам хацелася б. Чаму?

Напэўна, ёсць шмат прычын. Але галоўнай з’яўляецца тое, што мы забываемся аб Фацімскім пасланні і яго актуальнасці. Маліцца і навяртацца — гэта праграма жыцця кожнага хрысціяніна. Нездарма першымі словамі Езуса да Яго слухачоў былі „Навяртайцеся і верце ў Евангелле“.

Тут, на жаль, мы не маем чым пахваліцца. Уплыў секулярызму і маральнага рэлятывізму становіцца ўсё мацнейшым і ўсё больш людзей жыве так, як быццам Бог не існуе. А калі Бога няма, тады можна рабіць усё, бо няма праграмы жыцця і тармазоў супраць зла. Адсюль і ўсе праблемы», — з горыччу канстатаваў арцыпастыр.

«Мы памятаем аб словах Марыі з Фацімы. Але Марыя сказала значна больш: „Расія навернецца, і на пэўны час настане мір“. На пэўны час. Якімі актуальнымі сёння з’яўляюцца гэтыя словы!

Яшчэ некалькі месяцаў таму ніхто не думаў і не ўяўляў, што тэрыторыя братняй Украіны будзе ахоплена полымем вайны, а сёння гэта стала рэальнасцю. Нявырашаны таксама грамадска-палітычны крызіс і ў нашай краіне.

Прычына адна. Мы не молімся і не навяртаемся. У адным са сваіх лістоў Папу Яну Паўлу ІІ фацімская візянерка сястра Лусія напісала, што сэнс аб’яўленняў крыецца ў двух сказах, а менавіта, калі будзеце маліцца і навернецеся, то ўсё будзе добра. Калі ж не, то чалавецтва чакаюць новыя выпрабаванні.

Кожная Божая кара з’яўляецца ўмоўнай. Дзякуючы малітве і пакаянню Бог можа не дапусціць яе. Таму сёння, калі ў нашыя дзверы грукае вайна і чалавецтва знаходзіцца на парозе Трэцяй сусветнай, неабходна звярнуцца да Фацімскага паслання Марыі, якое актуальна і ў наш час», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч, дадаўшы, што сёння, як і ў 1917 годзе, свет страціў Хрыста і Яго вучэнне.

«Свет перажывае гадзіну зла. Сведчаннем гэтага з’яўляецца адсутнасць пачуцця граху, адкіданне натуральнага права, пекла і Божых запаведзяў. Мы забывамся аб галоўным прынцыпе хрысціянства не рабіць нікому таго, чаго не хочам, каб нам рабілі. У свеце пануе несправядлівасць, агрэсія, карупцыя, непавага да самага вялікага Божага дару жыцця. На нашых вачах нараджаецца рызыка „сакрамэнтальнага турызму“, бо мы ўсё часцей прымаем удзел у набажэнствах, як турысты, без духу малітвы і пакаяння.

Надзея памірае апошняй.

Хоць цяпер над светам цёмныя хмары, тым не меш праз іх прабіваецца прамень Марыі. Таму ў гадзіну маральнага зла звернемся да Марыі і Яе Фацімскага паслання. Яна як найкарацейшы шлях да Езуса дапаможа нам і сёння знайсці Яго — адзінага Збаўцу свету, учора, сёння і ва ўсе часы, каб шчасліва вывеў з гадзіны зла ў гадзіну ласкі, якая патрэбная для пабудовы справядлівага і шчаслівага жыцця на зямлі і дасягнення радасці неба», — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Абноўлена 16.05.2022 17:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця