Пошук

12.05.2022 15:00   Паводле: Grodnensis.by

7 мая католікі рымскага абраду разам са сваімі братамі грэка-католікамі сабраліся ў Слоніме на супольную ўрачыстасць у гонар Маці Божай Жыровіцкай.

Як паведамляе Grodnensis.by, цэлебрацыю адпустовай святой Імшы з гэтай нагоды ў слонімскім касцёле святога апостала Андрэя ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Эўхарыстыю з пастырам Гродзенскай дыяцэзіі канцэлебрвалі мясцовыя рыма-каталіцкія святары на чале з дэканам Слонімскага дэканату ксяндзом Аляксандрам Рудзевічам, а таксама грэка-каталіцкае духавенства на чале з Апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-католікаў архімандрытам Сяргеем Гаекам.

У святыні, дзе ў галоўным алтары знаходзіцца спіс абраза Маці Божай Жыровіцкай — адной з найбольш вядомых Марыйных ікон Беларусі, — сабраліся шматлікія мясцовыя жыхары і госці. На ўрачыстасць прыбылі пілігрымы з Івацэвічаў і Брэста.

Усіх прысутных на пачатку Імшы прывітаў пробашч парафіі брат Юрый Катовіч OFMCap. Гамілію прамовіў архімандрыт Сяргей Гаек.

Святар расказаў пра гісторыю шанавання гэтага спісу цудатворнай іконы Маці Божай Жыровіцкай, каранаванага залатымі папскімі каронамі, перад якім разам маліліся ў гэты дзень вернікі лацінскага абраду i грэка-католікі.

Раней яна знаходзілася ў кляштары базыльянаў у Жыровічах, а сёння захоўваецца ў слонімскім касцёле.

Архімандрыт Гаек нагадаў, што каранацыя іконы папскімі каронамі адбылася ў 1730 годзе. На той час былі вядомыя тры выявы Жыровіцкай іконы Маці Божай, якія праславіліся цудамі: каменная, якая цудоўным чынам з’явілася ў XV стагоддзі і знаходзілася ў Жыровічах, ікона-фрэска з базыльянскага касцёла святых мучанікаў Сяргея і Вакха ў Рыме, а таксама мастацкі спіс рымскай іконы-фрэскі, напісаны на палатне.

Гэтая трэцяя ікона была даслана з Рыма ў Жыровічы і каранавана папскімі каронамі.

Пасля доўгай і складанай гісторыі цяпер яна ўшаноўваецца ў слонімскім касцёле, пры якім нясуць служэнне браты капуцыны.

Жыровіцкі абраз праславіўся шматлікімі ласкамі, якія атрымлівалі верныя хрысціяне, што прасілі заступніцтва Маці Божай у розных сітуацыях свайго жыцця. Рэха гэтых ласкаў і цудаў дайшло да Рыма, дзе рашэнне «ўскласці на галаву Богадзіцяці Езуса і Багародзіцы Дзевы ў горадзе Жыровіцах у храме айцоў Ордэна святога Васіля, Кіеўскага дыяцэза, залатыя кароны» было прынята ў 1726 годзе, у час пантыфікату Папы Бэнэдыкта ХІII. Але сама каранацыя адбылася ўжо падчас пантыфікату яго наступніка, Папы Клімэнта XII.

Гэта была першая каранацыя папскімі каронамі абраза Маці Божай на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

На працягу стагоддзяў перад цудатворным абразом маліліся грэка-католікі, рыма-католікі, праваслаўныя. Жыровіцкая Заступніца стала сапраўды Маці адзінства хрысціянаў. Як сведчыць нядаўняя ўрачыстасць, гэтая пабожная традыцыя жыве і ў нашыя дні.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця