7 кастрычніка, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй здзейсніў прызначэнні сярод святароў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, з кожным са святароў, прызначаных на новыя пасады, іерарх сустрэўся асабіста, уручыў дэкрэт аб прызначэнні і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне на выкананне адказных абавязкаў.
Ксёндз Юрый Грыцко вызвалены ад абавязкаў рэзідэнта ў парафіі святога Яна Паўла ІІ у Смаргонi (Смаргонскі дэканат) i прызначаны адміністратарам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзярэчыне (Слонімскі дэканат).
Ксёндз Аляксандр Рудзевіч вызвалены ад абавязкаў пробашча парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзярэчыне (Слонімскі дэканат) i прызначаны пробашчам парафіі святога Юрыя, мучаніка, у Беліцы (Лідскі дэканат) з абслугоўваннем парафіі Маці Божай Чэнстахоўскай у Моцевічах (Лідскі дэканат).
Ксёндз Дзяніс Шмыгін вызвалены ад абавязкаў пробашча парафіі Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Міжэрычах (Слонімскі дэканат) i прызначаны пробашчам парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Слоніме (Слонімскі дэканат).