10 жніўня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч урачыста асвяціў новую святыню — касцёл святога Юрыя ў Беліцы (Лідскі дэканат), пабудаваны руплівасцю мясцовых парафіянаў і іх шматгадовага пробашча ксяндза Валянціна Хведука.
Як паведамляе партал Grodnensis.by, ва ўрачыстай святой Імшы з нагоды асвячэння касцёла ўзялі ўдзел біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, шматлікія святары і вернікі беліцкай і суседніх парафій. Падчас Эўхарыстыі яе ўдзельнікі асаблівым чынам маліліся за ўсіх, хто духоўна і матэрыяльна прычыніўся да высакароднай справы пабудовы святыні.
Асвячэнне касцёла — гэта не толькі знешні акт, які вянчае доўгі працэс узвядзення новай святыні. Гэта вельмі важны літургічны акт, праз які біскуп як пастыр мясцовага Касцёла ў дыяцэзіі публічна і ўрачыста прызначае ўзведзены вернікамі будынак быць святыняй Бога, каб у ёй збіралася мясцовая супольнасць хрысціянаў.
На пачатку біскуп Аляксандр Кашкевіч благаславіў ваду і акрапіў ёю вернікаў, якія ўтвараюць духоўную святыню, а таксама сцены касцёла і алтар. Пасля Літаніі да Усіх святых іерарх прамовіў малітву асвячэння. Настала хвіліна намашчэння святым алеем алтара. Біскуп Антоні Дзям’янка намасціў таксама сцены касцёла. Намашчэнне сценаў святыні — гэта знак таго, што Касцёл дасягае ўсіх куткоў свету, а таксама кожнага чалавека. Гэтыя месцы адзначаныя так званымі «закхeйкамі» — чатырма крыжамі на памяць пра гэтую ўрачыстасць.
Потым біскуп акадзіў алтар, а біскуп Юзаф Станеўскі — унутраную прастору святыні і вернікаў. Нарэшце алтар быў засланы белым абрусам, і на ім адбылася святая Імша, якая з’яўляецца найважнейшай часткай абраду.
У прамоўленай гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што касцёл у Беліцы — знак Божай любові, дабрыні і ласкавасці да ўсіх людзей, жыхароў гэтай зямлі.
Іерарх нагадаў, што ўзнікненне парафіі ў Беліцы звязана з асобай караля Казіміра Ягелона, які ў 1486 г. фундаваў тут першы касцёл у гонар св. Юрыя, мучаніка.
Біскуп узгадаў таксама ўнёсак у справу евангелізацыі лідскай зямлі беларускіх магнацкіх родаў Радзівілаў і Сапегаў, якія шчодра падтрымлівалі мясцовую парафію і айцоў дамініканаў, якія тут служылі, утрымліваючы парафіяльную школу пры касцёле і іншыя пабожныя справы. Святыня некалькі разоў перабудоўвалася, яе павялічвалі і стараліся надаць ёй кожны раз больш прыгожы і годны выгляд.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што ў гісторыі парафіі таксама было нямала цяжкіх, балючых старонак.
Так, у ХІХ ст. кляштар дамініканаў у Ельні быў зачынены, іх супольнасць ліквідавана, а касцёл адабраны і ператвораны ў праваслаўную царкву. Пасля Першай сусветнай вайны касцёл вярнулі католікам, але ненадоўга. Пачалася Другая сусветная вайна. Пробашча кс. Стэфана Дабравольскага расстралялі гітлераўцы, і парафія асірацела. Пасля вайны касцёл зноў адабралі і зачынілі.
Пазней яго прыстасавалі пад спартовую залу мясцовай школы, зусім не клапаціліся пра стан будынка, і, калі ён перастаў быць прыдатным для далейшага выкарыстання, яго цалкам знішчылі.
З адраджэннем парафіі ў Беліцы ўзнікла патрэба ўзвядзення новай святыні, якая сёння радуе вока і напаўняе сэрцы вернікаў удзячнасцю і хвалою Пану.
«Кожная святыня — гэта знак таго, што ў пэўнай мясцовасці жывуць вернікі, католікі і вызнаўцы Езуса Хрыста. Гэта знак таго, што насенне Евангелля, пасеянае стагоддзі таму на нашых землях і ў сэрцах нашых продкаў, надалей жыве, працягвае расці і прыносіць багаты плён»,— сказаў біскуп Кашкевіч.
Пасловах іерарха, кожная святыня — гэта таксама сведчанне таго, што тыя, хто пабудаваў яе, жывуць не толькі матэрыяльным хлебам; што для іх важныя духоўныя каштоўнасці, і што на ўзор продкаў яны здольныя ахвяраваць Пану Богу самае лепшае і прыгажэйшае.
Іерарх асабліва падзякаваў пробашчу беліцкай парафіі кс. Валянціну Хведуку і вернікам за працу па ўзвядзенні святыні, што з’яўляецца сведчаннем іх любові да Хрыста і Яго Касцёла.
У слове на заканчэнне ксёндз пробашч Валянцін, у сваю чаргу, таксама выказаў падзяку і падкрэсліў, што дзень асвячэння новай святыні ўпісваецца залатымі літарамі ў гісторыю парафіі, даручанай яго пастырскай апецы.