Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у апошні час здзейсніў новыя прызначэнні сярод святароў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.
Як паведаміла 10 верасня Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, ксёндз Павел Астукевіч вызвалены ад абавязкаў пробашча парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Індуры (дэканат Гродна-Захад) і прызначаны пробашчам парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе (Лідскі дэканат).
На гэтай пасадзе ён зменіць цяперашняга дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Андрэя Зноску, які быў пробашчам гэтай лідскай парафіі з 2012 года.
Ксёндз Iгар Анісімаў вызвалены ад абавязкаў пробашча парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Слоніме (Слонімскі дэканат) i прызначаны пробашчам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Індуры.
Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй падзякавалі святарам за служэнне і ўдзялілі ім благаслаўленне на выкананне новых адказных душпастырскіх абавязкаў.
Біяграфічная даведка
Ксёндз Павел Астукевіч нарадзіўся 11 красавіка 1976 г., паходзіць з парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 3 чэрвеня 2000 г. Пробашчам парафіі ў Індуры быў з 2009 г.
Ксёндз Ігар Анісімаў нарадзіўся 16 чэрвеня 1974 г., паходзіць з парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 19 мая 2001 г. Пробашчам парафіі ў Слоніме быў з 2011 г.