Пошук

29.09.2022 11:55   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

25 верасня ў Індуры (дэканат Гродна-Захад) адзначылі юбілей 500-годдзя з часу заснавання тутэйшай парафіі Найсвяцейшай Тройцы.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, з гэтай нагоды ў парафіяльным касцёле адбылася ўрачыстасць, на якой сабраліся шматлікія вернікі, тыя, хто нарадзіўся ў гэтым мястэчку, і госці на чале з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.

Пробашч індурскай парафіі ксёндз Павел Астукевіч прывітаў усіх прысутных і прадставіў даклад пра гісторыю парафіі, у якім распавёў некалькі цікавых фактаў.

Між іншым, святар звярнуў увагу на тое, што ўпершыню пра парафію ў Індуры ўзгадваецца ў вопісе парафій і касцёлаў з візітацыі ў Віленскай дыяцэзіі 1522 года, падрыхтаваным ксяндзом прэлатам Янам Альбінусам.

Менавіта ў гэтым годзе маршалак Вялікага княства Літоўскага Ян Давойна фундаваў у Індуры першы драўляны касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, а ў 1546 годзе зноў ахвяраваў сродкі на яго аднаўленне і забеспячэнне.

Амаль праз тры стагоддзі, у 1815 годзе, пробашч ксёндз Радзевіч разам з парафіянамі пабудаваў у цэнтры мястэчка мураваную святыню, якая замяніла драўляную. У 1854 годзе касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы пасвяціў біскуп Віленскі Вацлаў Жылінскі. На пачатку ХХ стагоддзя намаганнямі ксяндза Напалеона Сабалеўскага і парафіянаў касцёл быў значна рэканструяваны ў эклектычным стылі з рысамі неабарока і неакласіцызму.

Ксёндз Павел звярнуў увагу і на цікавую назву мястэчка. Хоць агульнапрынята, што яна ўзнікла ад літоўскага слова, якое азначае трыснягі, якіх заўсёды было шмат па берагах рэчкі, што тут працякае, святар адзначыў, што падобна гучыць таксама лацінскі дзеяслоў induro — «раблю цвёрдым, загартоўваю».

Пробашч дадаў, што да юбілею парафія рыхтавалася доўга. Гэта ўключала і духоўную падрыхтоўку, але таксама старанную працу, каб касцёл і яго наваколле выглядалі прыгожа.

Сярод дасягненняў апошняга года была рэалізацыя праекту новай аўтастаянкі перад касцёлам і новых сцежак да яго. Усё гэта, як падкрэсліў індурскі душпастыр, здзяйсняецца дзякуючы сістэматычнай працы, ахвяраванням парафіянаўь і некалькіх добрых спонсараў пры дапамозе мясцовага сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва імя Дзеньшчыкава.

Святар заахвоціў прысутных дзякаваць на Эўхарыстыі за дары і ласкі, якія атрымалі ад Бога жыхары Індуры і ўсе вернікі, што належаць да гэтай парафіяльнай супольнасці. Ксёндз Павел Астукевіч заклікаў таксама да асаблівай малітвы ў інтэнцыі маладога пакалення вернікаў, каб, нягледзячы на цяжкасці, вера захоўвалася і перадавалася нашчадкам.

Цэлебрацыю Імшы падзякі з удзелам запрошанага духавенства ўзначаліў біскуп Кашкевіч.

У прамоўленай гаміліі іерарх нагадаў, што веруючы чалавек кожную хвіліну жыцця, кожную сітуацыю, якую перажывае, кожную падзею, удзельнікам якой стаў, павінен успрымаць як нагоду праславіць Бога.

Біскуп адзначыў, што ў дзень гэтай цудоўнай урачыстасці перад вачыма яе ўдзельнікаў «стаяць незлічоныя пакаленні продкаў, якія тут жылі, працавалі, праслаўлялі Пана Бога сваім штодзённым жыццём і па меры магчымасцяў імкнуліся да евангельскай дасканаласці, перамагаючы ў сабе зло і выбіраючы дабро». Пастыр Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі дадаў, што ў гэтым іх падтрымлівалі Божая ласка; тое, што яны слухалі Евангелле і стараліся жыць паводле яго, прымалі Цела Хрыста, прыступалі да святых сакрамэнтаў.

Па словах біскупа, за гэтыя 500 гадоў свет вельмі змяніўся. Індура выглядае зусім не так, як раней, іншымі сталі знешні выгляд і стыль жыцця яе насельніцтва, нават будынак касцёла сёння ўжо іншы, але адвечная праўда, якая прысутнічае ў Божым слове, засталася і заўсёды застанецца нязменнай.

«Гэтыя спрадвечныя, нязменныя праўды веры, на якіх мы, хрысціяне, будуем нашае жыццё, мы атрымалі ў спадчыну ад бацькоў і дзядоў, а яны, у сваю чаргу, ад мінулых пакаленняў», — сказаў іерарх.

Біскуп падкрэсліў, што юбілейная ўрачыстасць — выдатная нагода і запрашэнне падзякаваць Пану за сваіх продкаў, якія перадалі нам у духоўную спадчыну найкаштоўнейшы дар веры. «Тым, што сёння мы ў гэтым касцёле, што слухаем Божае слова і ўдзельнічаем у Эўхарыстыі, мы ўдзячныя нашым продкам, якія жылі верай кожны дзень, здолелі яе захаваць і перадаць», — заўважыў іерарх.

Біскуп дадаў, што продкі не змарнавалі жыцця, пражылі яго мудра, бо разумелі, што з’яўляецца найважнейшым, і рабілі правільны выбар.

«Яны сваімі мудрымі паводзінамі, жыццём на фундаменце веры і выбарам праўдзівых каштоўнасцяў узбагацілі таксама нас, якія крочым іх слядамі», — сцвердзіў пастыр.

На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў індурскаму пробашчу ксяндзу Паўлу Астукевічу і вікарыю парафіі ксяндзу Антонію Адамовічу за клопат пра даручаных ім вернікаў і штодзённае святарскае служэнне, а законніцам з Кангрэгацыі Сясцёр Служак Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі — за шматгадовае служэнне і вялікі ўнёсак у катэхізацыю маладых пакаленняў індурскай парафіі.

 

Абноўлена 29.09.2022 11:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця