Пошук

09.05.2022 07:08   Фота: Леанід Юрык / Catholic.by

8 мая, у нядзелю Добрага пастыра, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Маці Божай Каралевы ў мястэчку Порплішча (Докшыцкі дэканат, Віцебская дыяцэзія), дзе ўзначаліў цэлебрацыю адпустовай святой Імшы.

Напачатку заслужаны іерарх падзякаваў пробашчу мясцовай парфіі ксяндзу Юрыю Бараўнёву за запрашэнне.

Арцыпастыр узгадаў, што гэта не першы яго візіт у Порплішча. Яшчэ будучы студэнтам Ленінградскага політэхнічнага інстытута, ён прыяжджаў сюды са сваім духоўным кіраўніком ксяндзом Пятром Барташэвічам, які ў 1943–1948 гадах служыў у гэтай парафіі і адкуль быў сасланы ў Сібір.

Іерарх адзначыў, што гэты яго візіт, ужо як біскупа, з’яўляецца таксама знакам падзякі святару, які дапамог яму распазнаць пакліканне да святарства.

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што каралеўская годнасць Марыі мае біблійнае абгрунтаванне ў Апакаліпсісе святога апостала Яна, дзе Марыя прадстаўлена як апранутая ў сонца жанчына, а пад Яе нагамі месяц. Сонца — гэта сімвал перамогі. Яно з’яўляецца сімвалам дня і святла, а месяц — сімвалам ночы і цемры. Таму апранутая ў сонца Марыя, пад нагамі якой месяц, паводле арцыбіскупа, з’яўляецца Каралевай-пераможцай.

Арцыпастыр нагадаў, што касцёльная традыцыя называе Марыю другой Евай як супрацьпастаўленне нашай прамаці Еве.

«Калі Ева ў раі не паслухала Бога, што стала прычынай першароднага граху, то Марыя сваёй паслухмянасцю зрабіла магчымым цуд Богаўцелаўлення з мэтай выправіць першародны грэх. З дрэва Крыжа Езус у асобе святога апостала Яна даў нам Марыю як нашую духоўную Маці, якая клапоціцца пра нас, аднак у той жа час Яна мае пэўныя чаканні ад нас.

Чаго яна чакае? Сталай любові да Бога і бліжняга а таксама адказнасці за сям’ю, парафію і лёс народа.

Любоў да Марыі павінна весці да любові да Бога, што павінна праяўляцца ў вернасці Яму. Таму Божы закон павінен стаць зместам нашай веры. Мы павінны жыць згодна з правілам: так — так і не — не. Белае павінна быць белым, а чорнае — чорным», — сцвердзіў іерарх, заахвоціўшы вернікаў жыць згодна з Божым законам, абараняць непарушнасць сям’і і жыццё ад зачацця да натуральнай смерці, захоўваць хрысціянскія традыцыі, адстойваць мір, згоду і справядлівасць.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.