Пошук

05.05.2022 12:47   Тэкст: Таццяна Пракопчанка / Фота: а. Віктар Жук SI / Catholic.by

З 1 па 3 мая ў Баранавіцкім Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага прайшоў майстар-клас па бібліядраме, які праводзіў айцец Віктар Жук, езуіт з Віцебска.

Вялікае значэнне ў катэхезе надаецца Слову Божаму, пра што добра ведаюць навучэнцы і выпускнікі катэхетычнага каледжа ў Баранавічах. Але веды і навыкі трэба заўсёды паглыбляць.

Таму ў імкненні больш глыбокага засваення Слова Божага ў каледжы быў арганізаваны ўнікальны майстар-клас па бібліядраме.

Удзел у занятках у абмежаванай колькасці ўзяла група цяперашніх і былых навучэнцаў. Пачыналіся заняткі з адмысловых практыкаванняў, з так званага «разагравання»: гульняў і супольных дзеяў. Потым, нарэшце, адбывалася самае цікавае і яскравае: «ужыўленне» ўдзельнікаў з дапамогай інсцэніроўкі ў канкрэтную біблейскую гісторыю. Усе дзеі суправаджаліся сумесным выказваннем уласных думак і пачуццяў.

Вось некалькі сведчанняў саміх удзельнікаў, якія дзеляцца сваімі ўражаннямі.

Кацярына: «Удзел у гэтым майстар-класе даў мне магчымасць глянуць на Біблію з другога боку, як бы „ажывіць“ біблейскі тэкст.

Калі прасякаешся роляй кожнага з персанажаў, пачынаеш і разважаць над Словам Божым больш паглыблена. Тут няма абыякавых, уся каманда — адно цэлае. Атрымала каласальны досвед і мора пазітыву!»

Наталля: «Аказваецца, што Біблію можна не толькі чытаць. І нават не ставіць па ёй тэатральныя пастаноўкі.

Бібліядрама — гэта пра іншае: гэта пра дзеянне Святога Духа ў сэрцы і целе чалавека. Гэта калі я чытаю слова Езуса: „Пётр, ці любіш ты Мяне?“ — і проста плачу, проста дазваляю Богу ў гэты момант дакрануцца да майго сэрца Сваёй вялікай любоўю.

Вялікі дзякуй айцу Віктару за неверагодную магчымасць напоўніцца Божым Словам такім незвычайным спосабам. Вялікі дзякуй сястры Рыце, што прапанавала ідэю памножыць дадзеныя Богам таленты праз супрацоўніцтва з іншымі людзьмі. Гэтую цікавую думку павезла з сабой. Вялікі дзякуй Марыі за цудоўны вобраз Саламеі. Вялікі дзякуй настаяцелю кляштара брату Карнэлію за ўтульную атмасферу і прыгожую магнолію».

Таццяна: «На курсах бібліядрамы мне было цікава слухаць сваё ўнутранае „я“, „распазнаваць“ у сабе канкрэтнага біблійнага героя, разам з ім ацэньваць пэўную сітуацыю і такім чынам перажываць па-новаму біблейскую гісторыю, пачуць перажыванні і думкі іншых удзельнікаў.

Я думаю, што такі спосаб набліжэння да тэксту дапамагае чалавеку зрабіць урывак Святога Пісання вельмі блізкім і асабістым, а само разважанне — шматгранным і яркім.

Спадабалася таксама тое, што ажываюць і нежывыя рэчы. Што, напрыклад, таленту і зямлі таксама ёсць што сказаць ад свайго імя.

Яшчэ спадабалася перажываць змест тэксту не толькі розумам і пачуццямі, але і ўсім сваім целам. Гэта азначае, што ў працэс уцягнуты ўвесь чалавек, і нічога не застаецца ў ім пасіўным і абыякавым».

Да гэтых сведчанняў можна дадаць, што распаўсюджаны на Захадзе новы спосаб асэнсавання Святога Пісання цяпер з поспехам пашыраецца і ў нашай краіне. Дзякуючы майстар-класу, ужо маем першыя і поўныя надзеі плёны. 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.