З 8 па 17 красавіка пры касцёле святога Міхала Арханёла ў Навагрудку ўпершыню прайшоў мастацкі пленэр, у якім узялі ўдзел мастакі з розных мясцін Беларусі.
Асноўнай тэмай прац удзельнікаў пленэру былі навагрудскія краявіды. Суарганізатарам культурнага мерапрыемства выступіў народны мастак Беларусі Кастусь Качан, ураджэнец Навагрудка. У пленэры ўдзельнічалі Алесь Суша, Аляксандр Грышкевіч, Рыгор Сітніца, Мікола Бушчык, Валянціна Шоба, Сяргей Рымашэўскі, Кацярына Сумарава, Дар’я Скмарава-Копач, Таццяна Патворава, Віктар Сагановіч і Кастусь Качан.
На працягу дзесяцідзённага пленэру мастакі стварылі 24 жывапісныя творы, якія сталі асновай новаўтворанай мастацкай галерэі, што размясцілася ў парафіяльным доме пры касцёле святога Міхала Арханёла.
Урачыстае адкрыццё мастацкай галерэі жывапісу адбылося на Вялікдзень, 17 красавіка, і сабрала вялікую колькасць мясцовых жыхароў, выклікаўшы ў іх непадробную зацікаўленасць. Пасхальную атмасферу гэтай культурнай падзеі упрыгожыў музычны гурт моладзі з Гродна, які выступіў з хрысціянскімі песнямі праслаўлення.