Пошук

22.04.2022 09:39   Паводле: Марына Кандратовіч / Voran.by / Фота: Алег Бельскі / Voran.by

20 красавіка, у актаву Пасхі, якую цяпер перажывае Каталіцкі Касцёл, і ў Вялікую сераду па календары Праваслаўнай Царквы, на паўднёвай ускраіне Воранава каталіцкі і праваслаўны святары асвяцілі крыжы, а таксама фігуру Найсвяцейшай Панны Марыі.

Як паведамляе сайт «Воранаўскай газеты» Voran.by, пасвячэнне крыжоў і фігуры Маці Божай, што адбылося паміж каталіцкім і праваслаўным Вялікаднем, стала знакавай падзеяй для жыхароў Воранава. Нават дождж, што зарадзіўся зранку, не перашкодзіў воранаўцам засведчыць, што ў райцэнтры з’явіўлася новае месца для супольнай малітвы.

Як паведамляецца на раённым рэсурсе, старшыня Воранаўскага райвыканкама Дзмітрый Захарчук упэўнены, што Дзева Марыя будзе аберагаць гэтую зямлю, а скультура стане «візітнай карткай» мястэчка. Кіраўнік падзякаваў усім, хто прычыніўся да гэтай справы: касцёльнаму камітэту, каталіцкім і праваслаўным вернікам, калектыву каледжа, кіраўнікам арганізацый і індывідуальным прадпрымальнікам.

Новае месца культу пасвяцілі пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Воранаве ксёндз Анджэй Вітэк і настаяцель мясцовага праваслаўнага прыхода іерэй Ігар Валошын.

На Voran.by падкрэсліваецца, што здаўна на воранаўскай зямлі ў добрасуседстве і згодзе жывуць людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў і паважаюць адзін аднаго, сведчаннем чаго стала сумеснае пасвячэнне крыжоў духоўнымі асобамі дзвюх найбольшых канфесій у нашай краіне.

 

Абноўлена 22.04.2022 11:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця