24 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, у санктуарый Божай Міласэрнасці ў Воранаве былі ўрачыста ўнесены рэліквіі благаслаўлёнай сястры Стэлы і яе дзесяці паплечніц, назарэтанак з Навагрудка, мучаніц Другой сусветнай вайны.
Рэліквіі расстраляных нацыстамі сясцёр, якія былі абвешчаны благаслаўлёнымі, ад імя Кангрэгацыя Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта перадала воранаўскай парафіі настаяцельніца Беларускай правінцыі назарэтанак сястра Філатэя Ціхановіч CSFN.
Як паведаміла прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, адпустовую ўрачыстасць у санктуарыі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Перад літургіяй іерарх пасвяціў адноўлены крыж каля воранаўскага касцёла.
У святыні, дзе жывы культ Езуса Міласэрнага, абраз якога знаходзіцца ў галоўным алтары, сабраліся шматлікія парафіяне і госці. Прыбылі таксама пілігрымы з іншых месцаў і з суседняй Літвы. Прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады на чале са старшынёй воранаўскага райвыканкама Дзмітрыем Захарчуком.
Удзельнікі Імшы супольна маліліся ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце, а таксама ў кожнай сям’і і кожным чалавечым сэрцы.
Усіх прысутных прывітаў пробашч парафіі ксёндз Анджэй Вітэк SAC, ініцыятар таго, каб у парафіі з’явіліся рэліквіі благаслаўлёных назарэтанак. Святар адзначыў, што самая вялікая праява любові — аддаць сваё жыццё за іншага чалавека. Ён дадаў, што ўнясенне рэліквій сімвалічна адбылося ва ўрачыстасць Божай Міласэрнасці, а сёстры мучаніцы будуць нагадваць мясцовым вернікам, што варта аддаваць сябе дзеля дабра бліжняга і служыць адзін аднаму.
У гаміліі прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Юрый Марціновіч падкрэсліў, што міласэрнасць — адна з істотных прыкметаў Бога. Ён дадаў, што Езус, як калісьці хадзіў вуліцамі Назарэта, так і сёння крочыць вуліцамі нашых гарадоў і вёсак, раздаючы людзям свае дары і ласкі. Па словах святара, Міласэрны Езус жадае даць кожнаму чалавеку без выключэння свае шчодрыя дары: дастаткова толькі адкрыцца на Божае дзеянне.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Гродзенскі выказаў усім прысутным удзячнасць за ўдзел у літургіі.
Кажучы пра ўнясенне рэліквій, іерарх падкрэсліў, што трэба вучыцца ў благаслаўлёных мучаніц аддаваць сваю любоў іншаму чалавеку і быць вернымі Богу да канца.
Біскуп заахвоціў прасіць добрага Бога праз заступніцтва гераічных сведкаў веры, якія падчас Другой сусветнай вайны аддалі сваё жыццё, аб дары міру для кожнай сям’і, усяго свету і нашай краіны.
Урачыстасць завяршылася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якога біскуп Аляксандр Кашкевіч даручыў Пану воранаўскую парафію і Касцёл на Гродзеншчыне.