Пошук

19.04.2023 17:25   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by / Catholic.by

13 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне, а 16 красавіка — у парафіі Божай Міласэрнасці ў Воранаве (Радунскі дэканат).

Падчас Эўхарыстыі ў адной з самых вялікіх парафіяльных супольнасцяў горада над Нёманам, што ў гродзенскім мікрараёне Дзевятоўка, дзе нясуць служэнне ксяндзы рэдэмптарысты, іерарх удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці вернікам, якіх было каля 50-і асоб, пераважна моладзь.

Як адзначыла дыяцэзіяльная прэс-служба, гэта была першая ўрачыстасць канфірмацыі сёлета ў Гродзенскай дыяцэзіі.

У касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля біскуп Кашкевіч цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі тых, хто ў гэты дзень прымаў дары Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі, просячы аб глыбокай веры для іх. Удзельнікі літургіі асабліва маліліся за свайго пастыра, які 13 красавіка адзначыў 32-ю гадавіну яго абвяшчэння пастырам новаўтворанай дыяцэзіі, заснаванай у той жа дзень Папам Янам Паўлам ІІ, сёння святым.

У Другую Велікодную нядзелю 16 красавіка пастыр Касцёла на Гродзеншчыне наведаў дыяцэзіяльны санктуарый Божай Міласэрнасці ў Воранаве (Радунскі дэканат), дзе ў гэты дзень адбылася адпустовая ўрачыстасць. Біскуп Кашкевіч узначаліў урачыстую цэлебрацыю, падчас якой удзяліў групе воранаўскіх вернікаў сакрамэнт канфірмацыі.

У святыні, дзе жывы культ Езуса Міласэрнага, абраз якога знаходзіцца ў галоўным алтары, сабраліся шматлікія парафіяне і госці. Прысутнічалі таксама пілігрымы з іншых месцаў і прадстаўнікі мясцовай улады.

Пробашч парафіі ў Воранаве ксёндз Анджэй Вітэк SAC прывітаў усіх прысутных і папрасіў іерарха ўдзяліць сакрамэнт канфірмацыі групе маладых людзей, адпаведным чынам падрыхтаваных да гэтага.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да новаканфірмаваных, заклікаўшы іх заўсёды ставіць Божыя справы на першае месца і часта звяртацца да Езуса, багатага на міласэрнасць і ласку.

Абноўлена 19.04.2023 22:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця