Пошук

16.04.2022 19:20   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

16 красавіка, у Вялікую суботу, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі благаславіў стравы на велікодны стол у шэрагу мінскіх парафій. 

Згодна са старадаўняй традыцыяй, у Касцёле прынята благаслаўляць стравы, якія з’яўляюцца неадменным атрыбутам святочнага стала на Пасху.

Вернікі прыносяць у святыню на благаслаўленне хлеб і іншае святочнае печыва на ўспамін хлеба, якім Езус накарміў народ, што слухаў Яго ў пустыні. Акрамя таго, у прыгожа аздобленых і асабліва духмяных пасля посту велікодных кошыках можна ўбачыць кілбасы, вяндліны і іншыя стравы на ўспамін пасхальнага ягняці, а таксама соль, якая захоўвае ежу ад псавання.

Бадай што, самым важным элементам святочнага стала на Вялікдзень у нас з’яўляюцца фарбаваныя яйкі, «пісанкі» — старадаўні сімвал новага жыцця.

Напярэдадні Пасхі арцыбіскуп Станеўскі наведаў пяць сталічных парафій, дзе памаліўся разам з вернікамі пры Грабніцы Пана і благаславіў стравы на велікодны стол.

Увечары іерарх узначаліць у мінскім катэдральным касцёле цэлебрацыю святой Пасхальнай Вігіліі — галоўнай святой Імшы на працягу ўсяго літургічнага года. Прамая трансляцыя ўрачыстага набажэнства будзе весціся на Першым канале Беларускага тэлебачання, а таксама на партале Catholic.by.

Пачатак у 21.45

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця