Пошук

09.04.2022 15:25   Catholic.by

Традыцыйна сужонкі і святары з руху «Сужэнскія сустрэчы» падрыхтавалі разважанні стацый Крыжовага шляху.

Зазвычай Крыжовы шлях асацыюецца з набажэнствам падчас Вялікага Посту, але, як зазначаюць аўтары разважанняў з руху «Сужэнскія сустрэчы», у жыцці мы часта падобным чынам пераходзім ад стацыі да стацыі ў сваёй штодзённасці. Робім гэта пастаянна: кожны дзень, кожны месяц, кожны год, а тыя абставіны і рэаліі, якія сустракаюцца нам на гэтым шляху, робяць перажыванне ўласнага «крыжовага шляху» яшчэ больш моцнымі і выразнымі.

Мы то абвінавачваем сваіх самых блізкіх і родных, то адчуваем сябе абвінавачанымі. Чарговы раз распальваем канфлікты, злуемся адно на аднаго, не выслухоўваем сужонка, брата ці дзяцей; не маем сіл прабачыць альбо адчуваем сябе непрабачанымі, незразуметымі, нявыслуханымі. Усё гэта напаўняе сэрцы пачуццямі страху, самотнасці, бездапаможнасці, спустошанасці ў сваіх сем’ях і супольнасцях. А знешнія абставіны забіраюць апошнія сілы і становяцца сапраўднай перашкодай для таго, каб у простым штодзённым жыцці набліжацца з любоўю да свайго мужа ці жонкі, дзяцей, братоў у святарстве, родных, блізкіх і далёкіх.

Пераходзячы ад стацыі да стацыі, мы не раз губляем сэнс і смак сваіх адносін, укрыжоўваем адно аднаго, вядзём сапраўдныя ваенныя дзеянні ў сваіх сем’ях і супольнасцях. Губляем сэнс любові — жаданне сапраўднага дабра іншаму чалавеку.

Ідучы разам з Езусам ад стацыі да стацыі, удзельнікі «Сужэнскіх сустрэч» дзеляцца сваімі разважаннямі і пачуццямі ў духу дыялогу, які сапраўды дапамагае годна несці крыж. Менавіта дыялог дазваляе нам не проста пакорна прымаць і несці крыж, але, што вельмі важна, ён дапамагае прымаць рашанні, адказваючы на пытанне: што менавіта я вырашаю рабіць у канкрытных абставінах ці падзеях жыцця маёй сям’і ці супольнасці? Які будзе наступны мой крок, каб адносіны ва ўсіх сферах нашага жыцця ўваскрасалі разам з Езусам нават на руінах падзей, канфліктаў і крызісаў сужэнскага і кансэкраванага жыцця.

Стваральнікі відэа дзякуюць за ўдзел у падрыхтоўцы разважанняў усім сужонкам і святарам: брату Андрэю Букштану OFMCap, ксяндзу Аляксандру Фядотаву SCI і грэка-каталіцкаму святару айцу Яўгену Усошыну, а таксама Вользе Хілько за аўтарсую песню, якая суправаджае разважанні.

Удзельнікі руху «Сужэнскія сустрэчы» запрашаюць перажыць Крыжовы шлях разам з імі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа