Пошук

06.04.2022 11:10   Паводле: Waladarka.by / Фота: Ірыны Гайдамовіч / Waladarka.by

З 1 па 3 красакавіка ў парафіі Нараджэння Маці Божай у Браславе прайшлі велікапосныя рэкалекцыі, якія правёў ксёндз Андрэй Шут, пробашч парафіі святога Антонія ў Рагачове, экзарцыст Пінскай дыяцэзіі.

Як паведамляе сайт Санктуарыя Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе Waladarka.by, рэкалекцыяніст прысвяціў свае пропаведзі тэме спакусаў, прапанаваўшы «паглядзець на іх як на дар Божы».

Святар нагадаў пра тое, якім чынам д’ябал спакушаў Езуса ў пустыні, і адзначыў, што падобным чынам злы дух падыходзіць да ўсіх людзей праз спакусы цела, вачэй і пыхі.

«Але Бог дапускае выпрабаванні дзеля таго, каб чалавек праявіў сваё дабро і веру, каб умацоўваўся ў сваіх цнотах», — падкрэсліў ксёндз экзарцыст.

Святар нагадаў, што падмуркам веры з’яўляецца першая Божая запаведзь, і што той, хто па-сапраўднаму шануе Бога, імкнецца паступаць так, як Ён кажа.

«Мы маем патрэбу ў сапраўднай ежы: Божыя загады, любоў да Бога. Тады нічога нам не пашкодзіць.

Выпрабаванні скончацца, але з Богам мы застанемся, і будзем шчаслівыя, што вытрымалі», — сцвердзіў ксёндз Андрэй Шут падчас рэкалекцый у браслаўскай парафіі.

 

Абноўлена 06.04.2022 11:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа