Пошук

05.04.2022 17:33   а. Яўген Голуб OFMConv / Catholic.by

29–31 сакавіка ў касцёле святога Арханёла Міхала ў Івянцы прайшла сустрэча міністрантаў з усіх парафій нашай краіны, душпастырства ў якіх вядуць айцы з Ордэна Канвентуальных Францішканаў.

Удзельнікі сустрэчы шукалі адказаў на пытанні пра тое, якія рысы павінен мець сапраўдны міністрант і што павінен умець рабіць для таго, каб літургія, у якой ён выконвае важныя функцыі, не страціла сваю веліч і згранасць.

Дзякуючы івянецкай францішканскай супольнасці і гасціннасці мясцовых парафіянаў удзельнікі маглі адчуць сябе ў Івянцы як дома.

Арганізатары сустрэчы францішкане — ордэн аптымістычны і адкрыты на свет і на дабро, якое пакінуў у ім Створца, таму акрамя канферэнцый і набажэнстваў для міністрантаў былі арганізаваныя спаборніцтвы па футболе і шашках, стральбе з луку і пнеўматыкі, а таксама турнір па настольным тэнісе. Удзельнікі маглі праверыць свае веды па літургіцы і катэхізісу, а таксама навучыцца азам ігры на электрагітары.

Гэтым разам кубак Дэлегата адправіўся ў парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Удзеле (Віцебская дыяцэзія), аднак праявілі свае веды і здольнасці таксама хлопцы з Гродна, Гальшанаў, Свіслачы і Івянца.

Годным заканчэннем сустрэчы стала Эўхарыстыя, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

У прамоўленай гаміліі іерарх падкрэсліў каштоўнасць міністранцкага служэння. Арцыпастыр нагадаў, што ў перыяд Вялікага посту, які цяпер працягваецца ў Касцёле, Хрыстус асабліва блізкі кожнаму чалавеку, таму кожны можа і павінен шукаць шлях да Яго, а Божая Міласэрнасць дапаможа з гэтага шляху не сыходзіць.

Пераможцы міністранцкага конкурсу атрымалі з рук арцыбіскупа Станеўскага дыпломы і ўзнагароды і вярнуліся ў свае парафіі, каб наступным разам зноў сустрэцца вялікай міністранцкай грамадою.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.