25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, у супольнасці айцоў паўлінаў у галоўным марыйным санктуарыі Польшчы на Яснай Гары ў Чэнстахове адбылася ўрачыстасць прынясення вечных манаскіх абяцанняў.
Як паведамляецца на сайце беларускіх паўлінаў Pauliny.by, у гэты дзень дзевяць братоў назаўжды прысвяцілі сваё жыццё выключнаму служэнню Богу ў Ордэне Святога Паўла Першага Пустэльніка. Сярод іх шасцёра палякаў, славак, харват і наш суайчыннік — брат Сяргей Калюта з Ваўкавыска.
«Я ведаю, што Маці Божая дапамагае мне трываць. Гэта асаблівы дзень, і я ўдзячны ўсім за духоўную падтрымку, асабліва сям’і і сабратам з Беларусі, якія не змаглі сёння прыехаць у Польшчу.
Бог благаслаўляў гэтыя гады, і я ведаю, што гэта мой шлях паклікання, што хачу быць у Ордэне ўсё жыццё. Сёння раніцай айцы ў Беларусі адслужылі Імшу ў маёй інтэнцыі, таму я адчуваю сябе спакойна і дзякую ўсім за падтрымку і малітвы. Я лічу, што ў гэты дзень я не адзін», — сказаў брат Сяргей з гэтай нагоды.
Урачысты абрад прынясення вечных манаскіх абяцанняў адбыўся падчас святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны настаяцель ордэна паўлінаў айцец Арнольд Храпкоўскі OSPPE. У прамоўленай гаміліі ён растлумачыў, што прынясенне вечных манаскіх абяцанняў азначае згоду на тое, каб Хрыстус прасякнуў усё жыццё; гэта прынясенне Яму ў дар усяго — так, як зрабіла Марыя. Айцец настаяцель падкрэсліў, што Звеставанне Маці Божай і Яе паслухмянасць у жыцці маладых манахаў павінна быць не толькі знакам, які паказвае кірунак, але і вялікім абавязацельствам, каб сказанае Богу «так» выканаць да канца.
Генеральны настаяцель звярнуў увагу новадалучаных сабратоў на іх служэнне, якое з’яўляецца часткай супольнасці Касцёла: «Сёння вы бераце на сябе пастаяннае абавязацельства ісці шляхам евангельскіх парад у духу манаскай харызмы паўлінаў і паслугі ў супольнасці Касцёла. Усё маё жыццё, маё служэнне любові знаходзіцца ў Касцёле: у Касцёле, прыгожым Божай прыгажосцю і параненым чалавечым грахом. Гэты Касцёл — мой дом.
Усё, што я буду рабіць, дзе б я ні служыў, ведаю, што раблю гэта як заданне Касцёла, у супольнасці Касцёла, часткай якога з’яўляецца ордэн», — дадаў настаяцель.
Ён падкрэсліў, што маладыя законнікі, даючы свае вечныя абяцанні ў ордэне паўлінаў, таксама прымаюць як сваю ўласную яго гісторыю, «якая стагоддзямі пісалася служэннем любові нашых братоў».
«Сёння вы становіцеся надзеяй ордэна на будучыню. Гэта на вас ляжыць абавязак клапаціцца пра будучыню ордэна, яго развіццё і яго паслугу ў духу любові», — сказаў айцец Арнольд Храпкоўскі.
Пасля ўрачыстай Імшы брат Сяргей выказаў словы падзякі:
«У гэты асаблівы дзень хачу падзякаваць Богу за дар жыцця і паклікання, а таксама за бацькоў і за людзей, якіх Бог паставіў на жыццёвым шляху. Асабліва ўдзячны святарам — айцу Ежы Саковічу OSPPE і свайму пробашчу ксяндзу Антонію Філіпчыку — за іх прыклад веры».
Брат Сяргей Калюта OSPPE нарадзіўся ў 1997 годзе ў Ваўкавыску (Гродзенская дыяцэзія). Святарскую фармацыю распачаў у 2015 годзе ў духоўнай семінарыі ў Гродне; у 2016 годзе быў прыняты ў ордэн паўлінаў. Пасля навіцыяту, 8 верасня 2017 года, прынёс першыя часовыя абяцанні. Вучыцца ў Вышэйшай духоўнай семінарыі айцоў паўлінаў у Кракаве.